У Мінску пачаўся суд над экс-гендырэктарам "Дынама" Максімам Суботкіным
8 верасня ў судзе Першамайскага раёна Мінска пачаўся суд над былым гендырэктарам мінскага хакейнага клуба "Дынама" Максімам Суботкіным. Яго вінавацяць у шэрагу карупцыйных злачынстваў: крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Суботкін заявіў суду, што пра сваю вінаватасць або невінаватасць ён скажа пасля заслухоўвання ўсіх сведкаў.
Следства сцвярджала быццам Суботкін прызначыў сабе завышаны заробак, афармляў фіктыўную дамову з клубам на кансалтангавыя паслугі на 400 млн рублёў і г.д.
Прадстаўнік Генпракуратуры Аляксандр Андрэеў зачытваў абвінавачанне каля паўтары гадзіны.
Справу Суботкіна аб'ядноўвалі са справай генеральнага менеджара "Дынама" Уладзіміра Беражкова. У лютым старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў, што абодва яны кампенсавалі прычыненую шкоду і падалі прашэнне аб памілаванні. Беражкоў выйшаў на свабоду 6 красавіка, і яго крымінальная справа была спыненая па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Суботкін памілавання не атрымаў.