Суд над экс-гендырэктарам "Дынама" Максімам Суботкіным пачнецца 8 верасня
8 верасня суд Першамайскага раёна Мінска пачне разгляд крымінальнай справы былога гендырэктара хакейнага клуба "Дынама-Мінск" Максіма Суботкіна. Пра гэта пішуць "Беларускія навіны" са спасылкай на памочніка старшыні Мінскага гарадскога суда Настассю Шыльвян.
Суботкіна затрымалі напрыканцы ліпеня 2015 года. Такім чынам, за кратамі ён знаходзіцца ўжо больш за год. Яго вінавацяць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, што пацягнула цяжкія наступствы ў выглядзе нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 424), у завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў (ч. 4 арт. 210) і ў перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. 3 арт. 426).
Дарэчы, праз некалькі тыдняў пасля затрымання Суботкіна сілавікі затрымалі і генеральнага менеджара "Дынама" Уладзіміра Беражкова. Яго вінавацілі ў завалоданні грашовымі сродкамі клуба з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.
Пазней следства паведаміла, што Беражкоў і Суботкін кампенсавалі амаль 3 млрд рублёў шкоды. Таксама яны звярнуліся да кіраўніка дзяржавы з просьбай аб памілаванні.
Беражкова выпусцілі з-за кратаў 6 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. Пазней яго крымінальная справа была спыненая са згоды Аляксандра Лукашэнкі.
Суботкін жа дагэтуль знаходзіцца пад вартай.