Беражкоў уладкаваўся ў федэрацыю біятлона, атрымаў прапанову ад Вакульчыка
Уладзімір Беражкоў уладкаваўся на працу ў Беларускую федэрацыю біятлона на ўмовах дамовы падраду. Як інфармуе "Прессбол", прапанову працаўладкавання ён атрымаў ад кіраўніка федэрацыі, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.
Паводле слоў былога генеральнага менеджара ХК "Дынама-Мінск", пакуль няма гаворкі пра канкрэтную пасаду. "Хутчэй, я назваў бы гэта напрамкам працы, — цытуе словы Беражкова "Прессбол". — Старшыня федэрацыі [Валерый Вакульчык] абазначыў шэраг задач, у тым ліку стратэгічных, перспектыўных, актуальных. У ліку, напрыклад, самых бліжэйшых — адзін сур'ёзны стартап. Гэта стварэнне ў Беларусі унікальнага медыцынскага цэнтра па рэабілітацыі спартсменаў. Гэты працэс я як менеджэр цяпер і курырую".
Уладзімір Беражкоў выйшаў на волю пад падпіску аб нявыездзе 6 красавіка пасля 237 дзён за кратамі. Яго абвінавачвалі ў завалоданні грашовымі сродкамі хакейнага клуба на 1 мільярд 90 мільёнаў рублёў з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў. Больш падрабязна пра яго справу гл. тут. Да пераходу на працу ў ХК "Дынама-Мінск" Беражкоў амаль два дзесяцігоддзі быў галоўным рэдактарам спартыўнай газеты “Прессбол”, але цяпер вяртацца ў журналістыку не захацеў.
237 дзён за кратамі. Гісторыя арышту і вызвалення Уладзіміра Беражкова