Беражкоў: Салдаты, якія глядзяць матчы футбольнай зборнай, купляюць білеты
Салдаты, якія глядзяць матчы футбольнай зборнай Беларусі на "Барысаў-Арэне", не прыходзяць на трыбуны бясплатна, яны купляюць білеты. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў дырэктар дэпартамента па маркетынгу і камунікацыях Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Беражкоў. Ён пракаментаваў нараканні некаторых заўзятараў, якія не змаглі купіць білеты на адборачны матч чэмпіянату свету Беларусь — Францыя (ён прайшоў на "Барысаў-Арэне" 6 верасня), і ў той жа час вайскоўцы занялі цэлы сектар.
"Салдаты купілі білеты, — сказаў Беражкоў. — Салдацкая аўдыторыя — гэта вучэбная частка ў Печах. Камандзір часткі звярнуўся ў аддзел маркетынга і мы прадалі 442 білеты па 3-й цэнавай катэгорыі".
Уладзімір Беражкоў кажа, што на матч Беларусь — Люксебург, які пройдзе на "Барысаў-Арэне" 10 кастрычніка, вайскоўцы папрасілі ўжо каля 700 білетаў і зноў жа за грошы. Дарэчы, на раніцу 7 кастрычніка на гэты паядынак прадалі ўжо 6800 білетаў, паведаміў Беражкоў.
Як вядома, 7 кастрычніка зборная Беларусі правядзе ў гасцях матч са зборнай Галандыі, пачатак у 21.45. Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь 2".