Матч Лігі нацый Паўночнай Ірландыі супраць Беларусі ў Белфасце пад пытаннем
Дамашняя арэна зборнай Паўночнай Ірландыі
Пакуль невядома, ці ўдасца правесці матч Лігі нацый Паўночнай Ірландыі супраць Беларусі ў Белфасце. Дамашняя для ірландцаў гульня павінна прайсці ў лістападзе на стадыёне "Віндзар Парк". Аднак ВВС піша, што да гэтага часу не было прынятае рашэнне аб выдачы віз беларускім гульцам і персаналу, які суправаджае каманду. Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць Беларусі як краіны, якая падтрымала агрэсію Расіі.
"Мы не можам пацвердзіць, ці будзе ўсім удзельнікам каманды Беларусі ў футболе адмоўлена ва ўездзе ў Вялікую Брытанію, не маючы падрабязнай інфармацыі аб кожным чалавеку", — заявілі ў брытанскім Міністэрстве ўнутраных спраў у панядзелак.
Першы матч Паўночнай Ірландыі і Беларусі прайшоў на выездзе ў Венгрыі, гульня адбылася без гледачоў — гэта таксама наступства санкцый супраць Беларусі, якія ўвяла УЕФА. Каманды згулялі ўнічыю.
Калі ўрад Вялікабрытаніі не дасць дазволу на правядзенне гульні ў Белфасце, камандам давядзецца шукаць месца для матчу дзе-небудзь у Еўропе. Адным з варыянтаў можа быць усё той жа венгерскі стадыён ZTE Arena.
Прадстаўнік ірландскай футбольнай асацыяцыі заявіў, што "знаходзіцца ў кантакце з адпаведнымі службовымі асобамі УЕФА і ўрада па гэтым пытанні". А галоўны трэнер зборнай Паўночнай Ірландыі Майкл О'Ніл расказаў, што суботняя гульня на пустым стадыёне ў Венгрыі выклікала адчуванне "нерэалістычнасці". "Ніколі не захочацца гуляць у такой гульні, як у суботу, пры пустым стадыёне", — адзначыў ён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.