Пахадзілі — і хопіць: куды знікла палітактыўнасць беларусаў і ці знікла яна?

Пахадзілі — і хопіць: куды знікла палітактыўнасць беларусаў і ці знікла яна?

Беларусы, не згодныя з палітыкай дзейных уладаў Беларусі, масава выйшлі на акцыі мірнага пратэсту ў 2020 годзе. А куды ўсё падзелася ў 2021-м, у пачатку 2022 года? Ці сведчыць гэта пра тое, што беларусы — гэта абыякавыя людзі, якія на нейкі час інертна далучыліся да палітычных хваляванняў?

— Складваецца агульнае адчуванне, што сапраўды ёсць абыякавыя, якія пойдуць за тым, хто будзе першы, хто атрымае перамогу. Я б сказаў, што гэта дзесьці 20 адсоткаў грамадства, — кажа падчас анлайн-канферэнцыі Reshape 2022 экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў. — Зразумела, што зараз цяжка казаць пра той уздым, які быў у 2020 годзе. Праз рэпрэсіі, з аднаго боку, а з другога — праз устойлівасць эканомікі, якая здарылася ў 2021 годзе.

— Трэба разумець, што субстанцыянальная палітызацыя — гэта экзістэнцыйны працэс, узрастанне беларускага грамадства і асэнсаванне сябе, з’яўленне жадання нешта вырашаць, — працягвае сацыёлаг. — А ёсць сітуатыўная палітызацыя. Гэта тое, што выплёсквалася на вуліцы, што вяло людзей галасаваць і гэтак далей. Пра сітуатыўную палітызацыю зараз казаць цяжка. Улады робяць усё, каб задушыць любыя магчымыя праявы і [выкарыстоўваюць. — Еўрарадыё] любыя інструменты знішчэння. Знешняя палітызацыя зараз пад неймаверным ціскам, таму зараз мы яе можам не пабачыць.

Але тое назапашанае, тыя змены, якія прывялі да эмансіпацыі, суб’ектывацыі грамадства — гэта засталося. Прынамсі, дадзеныя даследавання ад Chatham House паказваюць, што 60-70 адсоткаў грамадства падтрымліваюць тыя патрабаванні, якія высоўвае пратэст. Такім чынам, глыбінная палітызацыя застаецца, а для знешняй зараз фактычна вынішчаны ўсе ўмовы.

Пахадзілі — і хопіць: куды знікла палітактыўнасць беларусаў і ці знікла яна?
Генадзь Коршунаў / Еўрарадыё

Наяўнасць апалітычных грамадзян — гэта норма ці адхіленне, уласцівае таталітарнаму грамадству?

Пахадзілі — і хопіць: куды знікла палітактыўнасць беларусаў і ці знікла яна?

— Гэта абсалютна нармальна, — лічыць палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст. — Усе грамадствы так ці інакш утрымліваюць частку, калі не большасць, апалітычных ці дэпалітызаваных людзей. Грамадства не знаходзіцца ўвесь час “на маршы”, на палітычнай мабілізацыі. Але вакол дэмакратычнага грамадства, у адрозненне ад аўтарытарнага, калі ўзнікае праблема, то ўзнікае і палітычная кандэнсацыя. Улада гэта ведае, і людзі ведаюць, што яны могуць гэта зрабіць. Нормай, хутчэй, з’яўляецца дэпалітызаванасць, чым палітызаванасць. Скончваецца мабілізацыя — і людзі як бы ідуць на дэмбель.

Людзі майго пакалення памятаюць, як у час перабудовы было мабілізавана грамадства. Куды што падзелася? У пэўным сэнсе прайшоў перыяд. Нейкія мэты былі дасягнутыя, а пра нейкія грамадства зразумела, што яны не будуць дасягнутыя, — і вось дэмбель. Не значыць, што гэта няправільна.

Наколькі палітызаваным было грамадства Беларусі да падзей 2020 года?

— Калі мы гаворым пра магчымасць палітыкі ў перыяд, які папярэднічае [падзеям 2020 года. — Еўрарадыё], мы можам гаварыць, хутчэй, пра нейкія групы, часткі грамадства, якія спрабавалі праводзіць не агульную дзяржаўную палітыку, а палітыку ў асобных сферах, сферах сваіх інтарэсаў. Спрабавалі карыстацца нейкімі механізмамі, якія дазвалялі такі ўдзел, — гаворыць спікер канферэнцыі Reshape 2022 сацыёлаг Аксана Шэлест. — Узнікае пытанне: адкуль узялася рэзкая палітызацыя 2020 года? Як быццам бы працэс палітызацыі паўстаў на пустым месцы.

Але гэта не так. Апошнія дзесяць гадоў гэта, хутчэй, рост аўтаномнасці, падзенне патэрналісцкіх настрояў, такое своеасаблівае сталенне людзей. У 2020 годзе адбываецца якасны скачок, калі беларусы захацелі адраджэння палітыкі, вяртання права выбару. Права ўдзелу ў вызначэнні не толькі пытанняў свайго прыватнага жыцця, у якім яны навучыліся вызначаць сябе.

Пахадзілі — і хопіць: куды знікла палітактыўнасць беларусаў і ці знікла яна?
Аксана Шэлест / Еўрарадыё

— Крытэры, якія мы выкарыстоўваем для таго, каб вымяраць палітычнасць і апалітычнасць грамадства, — цікавасць да палітыкі, цікавасць да палітычных навін, зацікаўленасць у гэтай тэме, — працягвае Аксана. — У гэтым сэнсе, магчыма, у параўнанні з Амерыкай у беларускім грамадстве да 2020 года было ўсё не так ужо і дрэнна. Звесткі розных апытанняў кажуць, што пятая частка грамадства ўстойліва цікавілася пытаннямі беларускай і сусветнай палітыкі.

Для дэмакратычна ўладкаванага грамадства — калі мы гаворым пра масы — нармальным паказчыкам ёсць удзел у перадвыбарных кампаніях, выбарчых працэдурах, выбарах як такіх. Але для Беларусі апошніх пятнаццаці гадоў гэты крытэр увогуле не прымяняльны. Паколькі беларускія выбары даўно маюць імітацыйны характар. Для кагосьці гэта, хутчэй, рытуальнае дзеянне, але ўжо дакладна не крытэр удзелу ў палітычным жыцці як такім, — рэзюмуе сацыёлаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі