"Паланэзы" для сябра Аліева: колькі зброі Беларусь прадала Азербайджану
Ваенная тэхніка Азербайджана / aa.com.tr
Аляксандр Лукашэнка нядаўна заявіў, што "апошнія паўгода па лініі ВПК ніякіх паставак ваенных грузаў ні Азербайджану, ні Арменіі не ажыццяўлялася". Праверыць, ці так гэта на самай справе, складана: узбраенні адносяцца да так званых закрытых груп экспарту, гандаль імі засакрэчаны.
Аднак калі паглядзець на даступныя звесткі па экспарце ў Азербайджан за першую палову 2020 года, то можна заўважыць, што ў студзені, лютым, красавіку і чэрвені агульная сума і сума экспарту па "адкрытых" групах моцна разыходзяцца. Гэта значыць, што немалая частка паставак у Азербайджан была па скрытых групах.
Скрыты экспарт на $30 мільёнаў
У студзені 2020 года экспарт у Азербайджан склаў 13,6 мільёна долараў, аднак па адкрытых групах прайшло ўсяго 7,4 мільёна. Што было экспартавана на 6 мільёнаў долараў — закрытая інфармацыя.
У лютым агульны экспарт склаў 31,5 мільёна долараў. Пры гэтым па адкрытых групах усяго 14,8 мільёна. Розніца ў 16,7 мільёна.
У красавіку экспартавана ўсяго на 14,7 мільёна. Па адкрытых групах у два разы менш — 7,8 мільёна.
Нельга сцвярджаць, што па схаваных групах экспарту пастаўлялася менавіта зброя. У статыстыцы экспарту хаваюцца розныя "тавары двайнога прызначэння", прадукцыя ваенна-прамысловага комплексу, авіяпрам і многае іншае.
Не смяшыце мае "Паланэзы”
Нават калі дапусціць, што за апошнія паўгода Беларусь сапраўды не пастаўляла зброю ў Азербайджан — дык раней жа ж наша краіна адзначылася пастаяннымі пастаўкамі зброі ў закаўказскую рэспубліку.
Дзесяць ракетных комплексаў "Паланэз" былі прададзеныя Азербайджану два гады таму, у 2018 годзе. Большая частка інфармацыі пра "Паланэзы" — пад грыфам "сакрэтна".
Сума здзелкі ў публічнай прасторы не фігуравала. Разам з устаноўкамі залпавага агню былі пастаўленыя ракеты, транспартна-зараджальныя машыны, пункт кіравання, радыёлакацыйныя станцыі.
На зямлі і ў паветры
Паводле інфармацыі рэгістра звычайных узбраенняў ААН, Беларусь паставіла Азербайджану з 2005 да 2012 года 153 танкі Т-72.
Адзінаццаць штурмавікоў Су-25 былі пастаўленыя з 2009 да 2012 года. Сума кантракта не выдаецца.
Кветкавая артылерыя
З 2008 да 2009 года Беларусь паставіла Азербайджану 12 самаходных артылерыйскіх установак "Півоня", калібр 203 мм.
У 2017 годзе было прададзена 26 гаўбіц "Гіяцынт-Б", калібр 152 мм.
Акрамя гэтага, з 2010 да 2011 года Азербайджан закупіў у Беларусі 120 гаўбіц Д-30 калібру 122 мм.
"Шэршань" і "Аса" — азербайджанскія сябры
У 2007 годзе быў заключаны кантракт на мадэрнізацыю азербайджанскіх ЗРК "Аса-АКМ" да ўзроўню "Аса-1Т". Мадэрнізацыяй занялася беларуская кампанія "Тэтраэдр". Усяго было мадэрнізавана 36 ЗРК да ўзроўню "Аса-1Т".
У 2013 годзе Азербайджан на парадзе ў Баку прадэманстраваў зенітна-ракетныя комплексы "Бук-МБ" — беларуская мадэрнізацыя савецкага комплексу "Бук-М1". Усяго планавалася паставіць два дывізіёны. У 2014 годзе азербайджанская армія атрымала другі.
Беларускія спецыялісты займаліся мадэрнізацыяй і ЗРК С-125 да ўзроўню "Пячора-2Т". Паводле звестак цэнтра аналізу сусветнага гандлю зброяй, у 2014 годзе Азербайджан атрымаў дзевяць дывізіёнаў — гэта 27 пускавых установак. Па двух кантрактах увогуле было мадэрнізавана 54 зенітна-ракетныя комплексы да ўзроўню С-125 "Пячора-2Т".
Іншыя дробязі
У 2011 годзе Беларусь прадала Азербайджану 60 БТР-70.
У 2018-м стала вядома, што ў азербайджанскае войска паступілі беларускія станцыі радыёэлектроннай барацьбы "Навальніца-З", якія прызначаны для выяўлення і вызначэння напрамку БПЛА, радыёпадаўлення бартавой апаратуры спадарожнікавых навігацыйных сістэм GPS і GLONASS. Менавіта з дамінаваннем у паветры звязваюць поспехі Азербайджана ў цяперашнім канфлікце ў Нагорным Карабаху.
У сакавіку 2019 года на вучэннях азербайджанскай арміі былі заўважаны пераносныя комплексы кіравання агнём "Лектар". Іх вырабляе беларуская кампанія "АГАТ — сістэмы кіравання".
Дзесяцігоддзі супрацоўніцтва
Беларусь гадамі забяспечвала Азербайджан зброяй, мадэрнізавала іх ваенную тэхніку і прадавала новыя распрацоўкі. Іронія сітуацыі ў тым, што Арменія, з якой Азербайджан канфліктуе ў Нагорным Карабаху, знаходзіцца разам з Беларуссю ў АДКБ — Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.
Мэты АДКБ — "умацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-сябраў, прыярытэт у дасягненні якіх дзяржавы-сябры аддаюць палітычным сродкам". Але, як паказвае гісторыя гандлю зброяй, асабісты гешэфт важнейшы за ўсякія аб'яднанні.
Ва ўмовах замарожанага карабахскага канфлікту і пастаяннай мілітарызацыі і мадэрнізацыі войска момант, калі беларускую зброю, уключаючы "Паланэзы", пачнуць выкарыстоўваць супраць Арменіі (сябра АДКБ) і Арцаха (Рэспублікі Нагорны Карабах), быў толькі пытаннем часу.
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.