Палітолаг: Лукашэнка хоча наладзіць адносіны з Захадам праз Парашэнку
Да такога кроку беларускага кіраўніка падштурхнуў расійскі крызіс, лічыць украінскі эксперт.
Аляксандр Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка стаў пасярэднікам у адносінах Беларусі з Захадам. Такое меркаванне выказаў старшыня праўлення Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімір Фясенка.
"Калі раней Лукашэнка прапаноўваў паслугі пасярэдніка для вырашэння крызісу на ўсходзе Украіны, то цяпер сам Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб Парашэнка стаў пасярэднікам у адносінах з Захадам, бо Беларусь стала таксама ахвярай фінансава-эканамічнага крызісу Расіі", — перадае УНІАН словы эксперта.
Па яго словах, Беларусь і Казахстан вельмі занепакоеныя санкцыямі Захаду супраць Расіі, бо гэта пагражае Мытнаму саюзу і, адпаведна, эканомікам гэтых краін.
Фясенка лічыць, што ўкраінскі прэзідэнт апошнім часам актыўна дзейнічае на ўсходнім напрамку. Ён адзначае візіты Назарбаева і Лукашэнкі ў Кіеў, якія прайшлі амаль сінхронна — 21 і 22 снежня.
Фота — Reuters