Палітвязня Міколу Статкевіча перавядуць з турмы ў калонію

Пра гэта зняволены палітык паведаміў у ліставанні журналісту Барысу Вырвічу з Бялынічаў. Паводле Статкевіча, 12 студзеня наступнага году заканчваюцца тры гады турэмнага рэжыму, на які яго асудзілі. Таму яго могуць перавесці ў калонію.

Палітвязень таксама паведаміў, што да яго даходзяць не ўсе лісты з волі. У прыватнасці, па словах Вырвіча, Статкевіч піша, што не атрымліваў ад яго лістоў ужо некалькі месяцаў, хоць журналіст штодня адпраўляе яму ліст або паштоўку з навінамі пра актывістаў дэмсіл на Магілёўшчыне, паведамляе сайт spring96.org

Мікола Статкевіч — адзіны кандыдат ў прэзідэнты Беларусі, які дагэтуль у зняволенні. У траўні 2011 года яго асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня 2010 году.

Першапачаткова палітыка ўтрымлівалі ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 году перавялі ў магілёўскую турму №4. Адміністрацыя калоніі палічыла, што Статкевіч “не стаў на шлях выпраўлення”, “да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца” і пасля адбывання пакарання мае намер “весці злачынны лад жыцця”.

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмаўляўся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі