Сёння пачынаецца суд над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем
Суд над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем пачнецца 16 лістапада ў 10.30. Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", працэс пройдзе ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Разглядаць справу будзе суддзя Святлана Бандарэнка.
39-гадовы Кондрусь — апошні, каго затрымалі па справе Плошчы-2010. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Жыхара пасёлка Рудзенск Пухавіцкага раёна ўзялі пад варту ў чэрвені сёлета, пасля таго, як яго апазнала газета "Наша ніва" і назвала "правакатарам". Падчас следства яго трымаюць у мінскім СІЗА №1. Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязнем.
Бацькі, сястра і адвакат Кондруся не могуць распавесці СМІ падрабязнасці справы, бо далі падпіску аб неразгалошванні. Сам затрыманы абвяшчаў галадоўку і амаль два месяцы адмаўляўся ад ежы, пасля чаго стан яго здароўя моцна пагоршыўся.