Палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк не перадалі бандэроль з лекамі
Паліна Шарэнда-Панасюк / bgmedia.site
Палітзняволенай Паліне Шарэнда-Панасюк не перадалі медыцынскую бандэроль з лекамі і вітамінамі. Пра гэта ў сацсетках напісаў яе муж Андрэй Шарэнда.
"Амаль тры месяцы абрывістай сувязі пайшло на тое, каб узгадніць з Палінай спіс лекаў і вітамінаў для медычнай бандэролі. Бандэроль была адпраўлена пасля таго, як Паліна напісала заяву да медыка калоніі, і спіс лекаў быў узгоднены імі. Але пасылка вярнулася так і не распакаванай", — паведаміў муж палітзняволенай.
Па словах мужа, за апошнія 10 месяцаў Паліна правяла 180 сутак у ШІЗА жаночай калоніі №4. "180 содняў катаванняў холадам, голадам і антысанітарыяй. 180 пакутлівых рысак на жыцці і здароўі жанчыны. Псіхалагічна Паліна як камень, трымаецца і стаіць на сваім. Але фізічнае здароўе моцна падарванае", — адзначае Андрэй.
Ён нагадвае, што бліжэйшым часам Паліну Шарэнда-Панасюк этапуюць у ІЧУ Рэчыцы, дзе мусіць адбыцца чарговы суд над ёй.
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў зняволенні з 3 студзеня 2021 года. Яе затрымалі, высадзіўшы дзверы ў кватэру. 9 чэрвеня таго ж года ёй прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму. А ў красавіку 2022-га дадалі яшчэ адзін год калоніі за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Цяпер на яе пачалі яшчэ адну справу паводле гэтага ж артыкула КК. У калоніі Паліну неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.