"Паляванне на мяне было як у кіно": выжыць у маленькім горадзе ў разгар рэпрэсій

Упэўненыя, Дэніэл Крэйг быў бы рады сыграць ролю Арцёма з Чачэрска / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Упэўненыя, Дэніэл Крэйг быў бы рады сыграць ролю Арцёма з Чачэрска / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Ноч трэцяга жніўня 2020 года Арцём Кавалёў сустрэў на даху свайго дома ў Чачэрску. Ля пад'езда стаяў бус. Арцём дакладна ведаў, па каго прыехалі.

Калі б у нас спыталі, хто мусіць сыграць ролю суперагента ў "бандыяне", мы б сказалі — хтосьці з беларусаў.

 

“Насіў Святлану, раздаваў улёткі”

Сяргея Ціханоўскага ў маленькім беларускім мястэчку Чачэрск называюць "наш, гомельскі". Таму калі Ціханоўскі абвясціў пра свае планы стаць кандыдатам у прэзідэнты, Арцём далучыўся да каманды.

— Натуральна, я Ціханоўскага падтрымаў. Пачаўся варушняк. Я дапамагаў на пікетах, насіў Святлану [кардонную выяву Святланы Ціханоўскай], казаў усім — гэта ваш будучы прэзідэнт. Раздаваў улёткі ябацькам.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
Арцём Кавалёў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Але ўпершыню Арцём счапіўся з сістэмай раней, яшчэ ў 2017 годзе. Тады, пасля "Маршу недармаедаў", яму далі 10 дзён арышту. А выйшаўшы з камеры, ён разам з гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам напісаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Беларускія ўлады вымушаныя былі скаргу разгледзець. З таго часу заставалася ўражанне, што законы ў Беларусі "яшчэ трохі працуюць".

Цяпер праваабаронца Судаленка сядзіць у калоніі № 3. Бацьку Арцёма Юрыя Кавалёва адправілі на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным шпіталі. Калі яны бачыліся мінулым разам, у бацькі — яшчэ нядаўна моцнага здаровага мужчыны — трэсліся рукі і калені. Праз месяц пасля гэтай сустрэчы сам Арцём збег з Беларусі ў адных шортах і майцы.

Сама ж Беларусь больш не разглядае скаргі, якія падаюць яе грамадзяне ў Камітэт ААН па правах чалавека. Законы ў Беларусі "трохі зламаліся".

 

“Я разумеў, што калі возьмуць — біць будуць да самага Гомеля”

"Паляванне на мяне было як у кіно", — кажа Арцём. Ужо летам 2020-га года за ім сачылі, а тэлефоны праслухоўвалі.

— Трэцяга жніўня вызіраю ў акно — каля дома стаіць бус. Разумею: гэта па мяне. Я выйшаў з кватэры і акуратна перабраўся ў суседні пад'езд. Суткі праседзеў на даху. Разумеў, што калі возьмуць, біць будуць да самага Гомеля.

Напярэдадні Арцём адправіў жонку і дзяцей у вёску да сваякоў. Свой асноўны тэлефон ён аддаў жонцы, а сабе пакінуў маленькі, кнопкавы.

— Калі тэлефануеш па гэтым кнопкавым тэлефоне, мянты не могуць вызначыць тваю канкрэтную геапазіцыю, толькі агульную зону выкліку. Ужо седзячы на даху і разумеючы, што тэлефон праслухоўваецца, я патэлефанаваў з яго жонцы. Сказаў: сяджу ў кустах, буду ўцякаць, калі ў дварах згасне святло.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
"Суткі праседзеў на даху. Разумеў, што калі возьмуць, біць будуць да самага Гомеля" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

І калі ў двары згасла святло, на паркоўку перад домам заехала машына з выключанымі фарамі. А яшчэ праз пяць хвілін агнямі загарэўся ўвесь раён, успамінае Арцём. Запаліліся ліхтары, свяцілі фары. Але хітрасць удалася. Арцём з даху назіраў, як яго шукаюць у кустах.

— Вось тады мне сапраўды стала не па сабе. Такога калгасніка, як я, так лавіць? Але тады мне ўсё ж удалося збегчы.

Наступныя некалькі дзён Арцём хаваўся. І дакладна ведае, што яго спрабавалі знайсці.

— Жонка заставалася ў вёсцы. І праз паўтары гадзіны пасля таго, як яна ўключыла мой тэлефон, ужо была поўная вёска мянтоў і АМАПа. Нібыта яны прыехалі да цешчы з цесцем шукаць самагонку. Пільнавалі дом, шукалі мяне — але мяне там, натуральна, не было.

А на 8 жніўня ў горадзе абвясцілі салют. І ў гэтую ноч, калі ўвесь горад пайшоў глядзець салют, Арцём таемна перабраўся са свайго прытулку ў Гомель.

— Я бачыў пратэсты 9-11 жніўня. Тады на плошчы Паўстання нас атачылі, вылецелі мянты ў параднай форме і белых кашулях і проста пачалі біць людзей. Ну, а потым я з'ехаў у Мінск. Там мне добра папала дубінай па спіне, але ўдалося ўцячы ад затрымання. Ад удару кроў пайшла ў лёгкія, і я выйшаў з ладу.

Увесь час, пакуль людзі ў Чачэрску працягвалі выходзіць на вуліцы, Арцём ляжаў у шпіталі. А калі выйшаў адтуль, Чачэрск ужо амаль не пратэставаў.

— У канцлагеры, і асабліва ў маленькім гарадку, бунтаваць не атрымлівалася. Так што займаўся падпольнай дзейнасцю.

 

“Жонка ў жаху і слязах крычала: "Што вы зрабілі з чалавекам?”

Пакуль сын быў у шпіталі, на пратэсты хадзіў яго бацька — Юрый Кавалёў. І кожны раз пасля акцыі яго забіралі на "суткі". У сямейным архіве ёсць фота Юрыя Васільевіча з унучкай. Адной рукой дзед абдымае ўнучку, у другой трымае бел-чырвона-белы сцяг. Абое ўсміхаюцца.

Калі Арцём мінулым разам бачыўся з бацькам, той плакаў.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
Юрый Кавалёў з унучкай / фота з сямейнага архіва

У 2021 годзе суддзя адправіла Юрыя Кавалёва ў калонію на год — за абразу Лукашэнкі.

— Бацька пайшоў праходзіць камісію на правы. Доктарка-псіхіятр у кабінеце пачала нешта правакацыйнае казаць пра Ціханоўскую, абражаць яе. Ён у адказ абразіў Лукашэнку. І доктарка запісала гэта на дыктафон, — расказвае Арцём.

Юрый прабыў у калоніі год. А за тры дні да вызвалення прайшоў новы суд: нібыта за непадпарадкаванне адміністрацыі Кавалёву прызначылі год прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары.

— Яны нічога не змаглі зрабіць з ім у ШІЗА [штрафны ізалятар] і таму ўлупілі гэтую карную псіхіятрыю. Першы час яго трымалі ў Мінску, у "Навінках". Калі я прыязджаў туды на сустрэчы з ім, гэта быў яшчэ здаровы чалавек. Проста вельмі худы, але здаровы і духам моцны. Потым у бальніцы абвясцілі каранавірус, і туды перасталі дапускаць наведнікаў.

У лютым 2023 года яго перавялі ў Гомель. Калі мы прыехалі на спатканне, жонка была ў жаху і слязах, крычала: "Што вы зрабілі з чалавекам?"

Карціна была страшная. У яго трэсліся рукі, калені. Слёзы цяклі з вачэй. Яго запічкалі таблеткамі. Тое, што яны не змаглі зрабіць на зоне, яны зрабілі медыкаментамі. І фізічна ён стаў іншым чалавекам.

Арцём кажа, што пасля гэтых уколаў у бацькі пачаліся арытмія і бессань. Рухі, гаворка — усё замарудзілася. У Мінску дактары сказалі, што ўколваюць яго бацьку прэпарат "Клапіксол ДЭПО". Гэта нейралептык з затарможвальным дзеяннем. Прэпарат выкарыстоўваюць падчас лячэння вострай і хранічнай шызафрэніі і іншых псіхатычных разладаў.

— Я трымаўся пры ім, а калі выйшаў адтуль, у самога слёзы з вачэй пакаціліся.

І я вырашыў, што буду гаварыць пра гэта. Таму што які б указ ні ішоў зверху, выконваюць яго людзі на месцах. Хай кожны, хто пойдзе ставіць яму ўкол або падпіша паперку ў камісіі, ведае: ён здзяйсняе злачынства.

 

“Не страшна сесці — страшна стаць цяжарам для сям'і”

— Калі бацьку перавялі на прымусовае лячэнне, мне казалі: і ты там хочаш апынуцца? Нам няцяжка і цябе туды адправіць. Я жыў у пастаянным страху за дзяцей, за маці, за бацьку. Мне ніколі не было страшна сесці — страшна было думаць, што, сеўшы, стану цяжарам для сям'і, — расказвае Арцём.

Як наогул цяпер жыць у маленькім беларускім горадзе?

— Мы страчваем краіну. Лепшыя з'язджаюць, а найлепшыя сядзяць у турмах.

На каго могуць паўплываць, тых заганяюць на праўладныя мітынгі. Я бачыў на гэтых мітынгах людзей, якія не згодныя з уладай. У маленькім гарадку ўсё добра відаць.

І як папрыбіралі са сваіх месцаў прафесіяналаў, якія цяпер нідзе ў горадзе не могуць уладкавацца на працу, таксама відаць.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
Арцём Кавалёў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

А калі пачалася вайна, я ўбачыў і тое, як дзейнічае расійская прапаганда. Нават людзі, якія выходзілі на пратэсты, часам выказваліся ў падтрымку вайны. Іх не большасць, але яны ёсць — тыя, хто верыць, што ва Украіне верхаводзяць нацысты. Гэтая страшная гебельс-прапаганда працуе.

Арцём вучыўся ва ўніверсітэце ў Чарнігаве. Ад беларускага Чачэрска да ўкраінскага Чарнігава ехаць трохі больш за дзве гадзіны. Калі пачалася вайна, ён бачыў, як праз яго Чачэрск самалёты ляцелі бамбіць яго Чарнігаў.

У 2023 годзе пасля атакі дронаў на самалёт у Мачулішчах сістэма правяла чарговую "зачыстку". Тады з Беларусі давялося з'ехаць і Арцёму.

 

“Крэпасць на Чачэршчыне трымалася да апошняга”

— Быў звычайны дзень. Я прыйшоў да сябе ў гараж, заварыў кавы. Яшчэ не ўзяўся за працу — а тут да мяне стукаюць у дзверы. А на брамцы ў мяне "Пагоня" была намаляваная.

Тут мы не вытрымліваем і перапытваем:

У 2023 годзе?

— Ну так, так, крэпасць на Чачэршчыне трымалася да апошняга. Да 14 сакавіка 2023 года "Пагоня" была на брамцы.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
Арцём Кавалёў, сэлфі на фоне той самай брамкі / фота з архіва Арцёма Кавалёва

Стукалі гомельскія "камітэтчыкі". Яны прыехалі да Арцёма, каб "шукаць зброю, боепрыпасы, сувязі з "Байсолам" і планам "Перамога". Але перш чым адчыніць дзверы, Арцём паспеў выкінуць тэлефон.

— Дапамаглі сабакі. У мяне іх тры — два алабаі і адзін звычайны сабака, проста прыбіўся. І пакуль я прыбіраў сабак, паспеў выкінуць тэлефон, каб яны яго не знайшлі.

Потым адчыніў дзверы, і пачалося: "Адгадвай, чаму мы прыехалі". Кажу ім: "Я што, варажбітка?" І вось такая слоўная сварка цягнулася да абеду. Яны прыехалі з паперкамі на ператрусы ўсіх кватэр — бацінай, маёй. У бацінай кватэры бабуля жыве — бабулю напалохалі.

Перавярнулі ўсё. У мяне машына стаяла ў закрытым гаражы, а на ёй была налепка "Пагоні" і сцяг. Яны напісалі, што мая машына ў зачыненым гаражы "мітынгавала". За кожную кніжку, за кожную налепку, якую ў мяне знайшлі, пачалі складаць экстрэмісцкія пратаколы. Я зразумеў: усё, гэта "торба".

Вечарам Арцёма пачалі афармляць у Чачэрскі ІЧУ. Надзелі кайданкі. Але Арцём пачаў скардзіцца на кепскае самаадчуванне, і яго давялося адвезці ў бальніцу.

— У бальніцы высвятляецца: ціск павышаны, тэмпература, яшчэ і кардыяграма дрэнная. Мент стаіць, сумняваецца, кардыяграму гэтую фоткае. А што ты зразумееш з гэтай фоткі? Не кожны доктар яе прачытаць можа. Карацей, мяне пакінулі ў бальніцы.

 

“Як у камп'ютарнай гульні — “не захаваўся”

Уначы Арцём — у адной майцы і шортах — збег са шпіталя. Таемна выехаў у Маскву. Звязаўся з "Байсолам". Там параілі бегчы далей — у Ерэван. У Ерэване сказалі: доўга не затрымлівайся, калі пададуць у міжнародны вышук — Арменія цябе выдасць.

— І я з Ерэвана па серпантыне з'язджаю ў Тбілісі. Тыфліс сустракае дажджом. Але і там сустракаю добрых беларусаў. Мне дапамагаюць з жыллём. Наогул усюды, дзе па дарозе сустракаюцца беларусы, я знаходжу дапамогу. Беларус беларусу беларус.

Ужо ў Грузіі Арцём зрабіў шэнгенскую візу. Грошай хапала толькі на білет з Кутаісі ў Варшаву. І 9 траўня ён прызямліўся ў Польшчы з 50 доларамі ў кішэні.

Тут ён хутка знайшоў працу ў дастаўцы. Узяць машыну ў арэнду таксама дапамаглі беларусы. Потым зняў кватэру і перавёз з Беларусі жонку, маці і дваіх маленькіх дзяцей. Нехта з беларусаў Варшавы сказаў яму: “Трымайцеся, навокал больш няма ворагаў”.

“Охота за мной велась как в кино”: выжить в маленьком городе в разгар репрессий
Арцём з сям'ёй у Варшаве / фота з сямейнага архіва Арцёма Кавалёва

Арцёму падабаецца яго новая варшаўская кватэра. Побач — школа і дзіцячы садок. Зручная транспартная камунікацыя. Вось толькі калі сям'я зайшла ў дом, аказалася, што там няма нічога, акрамя лядоўні, пральнай машыны і пліты.

У Беларусі засталося ўсё. Уладкаваная кватэра, машыны, тэхніка, інструменты. А тут не было нават патэльні.

"Як у камп'ютарнай гульні — не захаваўся", — жартуе Арцём.

Ён заўсёды ўмеў працаваць і зарабляць, але на першы час сям'і была патрэбная дапамога. І Арцём напісаў пра праблему ў групе "Беларусы ў Варшаве". А далей здарыўся цуд:

"У мяне ёсць дзіцячыя ложкі, заўтра прывязу!"

"Дапамагу з посудам".

"Адвязу цацкі дзецям. Які памер адзення ў вашай жонкі? Падбяру што-небудзь".

У дзень, калі мы стэлефанаваліся з Арцёмам, спальнае месца нарэшце мусіла з'явіцца і ў яго самога — да гэтага даводзілася спаць на падлозе. А тут патэлефанавала беларуска і прапанавала прывезці матрац.

Бацька Арцёма ведае, што ён з'ехаў з Беларусі. Перад ад'ездам з Чачэрска на спатканне да яго прыйшлі жонка і старэйшая ўнучка. Тая, якая стаіць на фота побач з усмешлівым дзядулем са сцягам у руцэ.

— Калі мама загаварыла пра мяне, у яго зноў закалаціліся рукі. Сказаў ёй: "Добра, што не трапіўся. Кідайце ўсё, гары яно гарам. Паглядзі, што са мной зрабілі".

* * *

Мы пытаем, што яшчэ трэба сям'і цяпер, але Арцём аднекваецца. Маўляў, яшчэ ўчора не было нічога — і вось ужо ёсць на чым спаць і ў чым прыгатаваць вячэру. Але сціпла прызнаецца, што ад цацак для дзяцей ён ніколі не адмовіцца. Калі вы захочаце звязацца з сям'ёй Арцёма Кавалёва — напішыце нам у рэдакцыю на адрас [email protected] ці ў наш чат-бот у тэлеграме: @euroradio_minsk.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі