Партыя БНФ падтрымала вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Караткевіч
Ранейшае рашэнне палітычнай камісіі партыі зацвердзіў сойм.
Сойм Партыі БНФ большасцю галасоў зацвердзіў рашэнне палітычнай камісіі аб падтрымцы вылучэння кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяну Караткевіч (на здымку). Цікава, што сябры сойма размаўлялі з Караткевіч і задавалі ёй пытанні праз скайп — у суботу яна была за мяжой, інфармуе БелаПАН.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што фронтаўцы сваім рашэннем захавалі адзінства ў кааліцыі "Народны рэферэндум". Раней пра вылучэнне Таццяны Караткевіч заявіла кампанія "Гавары праўду", а таксама Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што сур'ёзна пазмагацца за перамогу на прэзідэнцкіх выбарах сёлета дэмакратычнаму кандыдату нерэальна. Паводле яго слоў, у Аляксандра Лукашэнкі вельмі вялікія шанцы ўтрымаць уладу, а пратэстныя настроі ў беларускім грамадстве невысокія.
Адзначым, што Караткевіч — актывістка "Гавары праўду" і сяброўка БСДП (Грамада).
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у лістападзе 2015 года.