Пасля пераносу беларуска будзе ляцець да МКС двое сутак, а не тры гадзіны
Марына Васілеўская і Трэйсі Дайсан
Пасля пераносу запуску "Саюза МС-25", экіпаж, у складзе якога беларуска Марына Васілеўская, будзе ляцець да МКС двое сутак, а не тры гадзіны. Крыніца ў ракетна-касмічнай галіне паведаміла ria.ru, што прычынай гэтага будуць неадпаведныя балістычныя ўмовы.
"Для рэалізацыі двухвітковай схемы збліжэння і стыкоўкі неабходныя адпаведныя балістычныя ўмовы і вельмі дакладная адпаведнасць рабочай арбіты МКС старту карабля. 23 сакавіка такіх умоў не будзе", — сцвярджае яна.
21 сакавіка запуск "Саюза МС-25" адмянілі ў аўтаматычным рэжыме за 20 секунд да старту. Дзяржкамісія вызначыла, што адмену запуску выклікала "прасадка напружання хімічнай крыніцы току". Новая спроба запуску адбудзецца ў суботу, 23 сакавіка.
Меркавалася, што палёт карабля пройдзе па нядаўна засвоенай звышкароткай двухвітковай схеме (калі карабель робіць два абароты вакол Зямлі), і стыкоўка з МКС пройдзе ў той жа дзень. Цяпер жа палёт плануюць па традыцыйнай двухсуткавай схеме. Па ёй карабель робіць прыкладна 34 віткі вакол планеты, а сам палёт займае каля 50 гадзін. Безумоўна, такая перспектыва касманаўтаў не абрадуе.
На Міжнародную касмічную станцыю Марына Васілеўская збіралася адправіцца разам з камандзірам карабля — ураджэнцам Беларусі Алегам Навіцкім і бортінжынерам — астранаўтам NASA Трэйсі Дайсан. Праз 12 дзён Васілеўская і Навіцкі мусілі вярнуцца на Зямлю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.