"Плюнулі ў душу народу": як хакеісты кожны год крыўдзяць Лукашэнку

Сумны Лукашэнка. Фота: bdg.by 
Сумны Лукашэнка. Фота: bdg.by 

У Аляксандра Лукашэнкі ёсць традыцыя: кожны год у траўні ён лаецца на зборную Беларусі па хакеі. Беларускім хакеістам дастаецца ад кіраўніка дзяржавы ўжо не першы, не другі і ўжо нават не пяты год. Як Лукашэнка іх толькі ні называў! А воз і цяпер там.

Вось і ў гэтым годзе беларусы прайгралі на чэмпіянаце свету тры матчы запар. І не толькі мацнейшым зборным! У ліку тых, хто пакрыўздіў нашу каманду, – французы, якіх беларускія хакеісты гадоў пяць таму і за супернікаў не лічылі... Пасля трэцяй паразы падаў у адстаўку галоўны трэнер зборнай Дэйв Льюіс.

Лукашэнка пакуль што маўчыць – ён не рабіў публічных заяваў з 4 траўня, гэта значыць – з першага дня чэмпіянату свету ў Даніі, калі беларусы насухую прайгралі шведам. Гэта маўчанне падобнае на зацішша перад бурай. Пакуль кіраўнік Беларусі збіраецца з думкамі, прыгадаем, што ён казаў пра беларускіх хакеістаў у папярэднія гады.

Відэа: БелТА

2011: "Усё атрымліваецца наадварот"

Зборная Беларусі прайграла ўсе тры матчы ў сваёй групе і не лепшым чынам выступіла ў "суцяшальным" турніры. Але ўтрымалася ў мацнейшым дывізіёне. Аляксандр Лукашэнка выклікаў спартыўных чыноўнікаў на дыван:

"Ганьбавацца такім чынам недапушчальна. І гэта не толькі хакей. Але гэтаму віду спорту мы ўжо ўдзялілі ўвагі столькі, што больш і не прыдумаеш. А усё атрымліваецца наадварот: чым больш увагі, тым боьлш ганебныя і агідныя выступы спартсменаў".

2012: "Разануў па сэрцы"

Зборная прайграла 6 з 7 матчаў, але "задачу мінімум" зноў выканала, і ўсё ж забяспечыла сабе права ўдзельнічаць у наступным чэмпіянаце. Лукашэнка прайшоўся па хакеістах падчас штогадовага паслання парламенту і народу:

"Што тычыцца нашага хакея... Тут мог бы і не казаць. У чарговы раз разануў па сэрцы. Так, як гуляюць хакеісты, то лепш бы ўжо і чэмпіяната тут не было...

Але гэта будзе асабістая трагедыя? Мы, маўляў, Лукашэнку ўколем моцна, калі чэмпіянату па хакеі не будзе ў Беларусі. Ну чым жа яны мяне так уколюць? Які тут ужо твар і імідж страчу? Што, мяне беларусы за гэта зненавідзяць? Ды пераб'ёмся... "

2013: "Ганьба", "Ні ў якія рамкі"

На чэмпіянаце свету 2013 года зборная правяла сем матчаў, з якіх прайграла шэсць. Але горш за тое: у 2013 годзе беларускія хакеісты правалілі адбор на зімовую Алімпіяду ў Сочы. Пра стан спраў у хакеі Лукашэнка расказаў, наведваючы ААТ "Мінскі камбінат хлебапрадуктаў":

"Тое, што беларуская хакейная каманда не трапляе на Алімпійскія гульні, гэта ганьба,лічыць кіраўнік дзяржавы. ― Мінскае "Дынама" ― самы багаты клуб, дзе хакеісты зарабляюць прыстойныя грошы. Мне ўдвая сорамна не толькі казаць, а нават слухаць пра тое, як гуляе наша мінскае "Дынама".
 

"Плюнули в душу народу": как хоккеисты каждый год обижают Лукашенко
На чэмпіянаце свету па хакеі ў Мінску. Фота: Еўрарадыё

2014 год: Лукашэнка задаволены

У 2014 годзе Беларусь прымала чэмпіянат свету па хакеі. Турыстаў пускалі ў краіну без віз ― проста па квітку, тусовочная зона ў цэнтры горада была падобная на мурашнік, а наша зборная заняла 7-е месца, паказаўшы прыстойны хакей. Гэта пакуль што адзіны год у бягучай дэкадзе, калі Аляксандр Лукашэнка не лаяў хакеістаў.

2015: "Ганьба", "Бяздарны хакей"

У 2015 годзе каманда Беларусі прабілася ў плэй-оф чэмпіянату свету і паўтарыла леташні вынік, заняўшы 7-е месца. Але крытыкі ад кіраўніка дзяржавы не пазбегла.

"Ганьба. Што мы толькі для іх ні рабілі. Выйсці і прадэманстраваць такой бяздарны хакей ― гэта ганьба: 7:0 [супраць зборнай Расіі], 9:0 [супраць канадцаў],абураўся Аляксандр Лукашэнка перад рабочымі Мінскага трактарнага завода. ― Мы прабіліся ў плэй-оф... Ну колькі можна пра гэта казаць. Прабіліся ― дык трэба выйграваць!"

2016: "Плюнулі у душу народу"

Гэты чэмпіянат свету у беларусаў не атрымаўся. Групавы турнір яны скончылі на 6-м месцы, а ў выніковай табліцы апынуліся толькі 12-мі.

"Вядома, плюнулі ў душу народу. Такі настрой ва ўсіх. Але не будзем пасыпаць галаву попелам. Спорт ёсць спорт ― усё хочуць выйграць. Толькі, " растапырыўшы пальцы", на пляцоўку не трэба выходзіць", ― сказаў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з працоўным калектывам завода "Амкадор-Пінск".

"Мы адсталі, і вельмі сур'ёзна, у тактыцы, мысленні і, сорамна пра гэта нават казаць, фізічнай падрыхтоўцы", ― дадаў Лукашэнка.

2017: "У хакеі правал, у футболе правал, у біятлоне правал"

У гэтым годзе Лукашэнка не толькі раскрытыкаваў гульню зборнай, але і ў сваім фірмовым стылі разабраў гульню каманды:

"Ну як можна было прапусціць з "пятака" трэцюю шайбу ад фінаў? Вытрымае да канца ― ужо ачко атрымаў. Ужо лягчэй было б. Не! Разбэшчанасць, адсутнасць дысцыпліны. Скатванне на індывідуальную гульню, якой не валодае ні адзін наш хакеіст. Ні адзін! У хакей гуляць не ўмеюць! Не, яны яшчэ ў сваёй зоне ля брамы круцяць гэтую шайбу. Губляюць, і атрымліваюць галы".
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі