Польская амбасада паставіць усіх жадаючых атрымаць візу ў агульную чаргу

З першага верасня знікне магчымасць атрымаць польскую візу праз турфірмы.

Часы, калі можна было аддаць свой пашпарт тураператарам і праз некалькі дзён забраць яго з польскай візай, мінулі.

Зараз у вас не атрымаецца выехаць у Польшчу без асабістай сустрэчы з консулам:

У польскай амбасадзе прэс-сакратар Моніка Садкоўска растлумачыла нам гэткія новаўвядзенні наступным чынам:

“Мы рыхтуемся да ўступлення ў Шэнген, і правілы прыёму крыху змяняюцца”.

Відавочна, што ў хуткім часе выехаць на экскурсію стане значна цяжэй. Да чаго гэта можа прывесці, распавядае дырэктар Рэспубліканскага саюза тураператараў Валянцін Цэхмейстэр:

“Па першым часе гэта адлюструецца на масавых экскурсійных аўтобусных турах. Часам прыходзяць турысты за эксклюзіўнымі турамі па Беларусі, а атрымаць іх немагчыма. Вось масавыя групамі – калі ласка. Вось тут будзе адбывацца прыкладна тое ж самае. Турысты будуць вымушаныя стаць у агульную чаргу і прайсці гэты рытуал. А толькі пасля турыстычная кампанія будзе фармаваць групу”.

Зразумела, што такое фармаванне групаў значна знізіць папулярнасць гэтых тураў. Тое ж самае пацвердзіў і Валянцін Цэхмейстэр:

“Паездкі ў Літву, Польшчу і Чэхію страцяць сваю турысцкую масавую запатрабаванасць. Але ж эксклюзіўны турызм працягнецца. Канешне, гэта знізіць прыгоднасць нашых турфірмаў і іх запатрабаванасць на турыстычным рынку. Але ж чалавек з часам знойдзе сабе варыянты як падарожнічаць. Спачатку, канешне, будзе складана”.

Дарэчы, зараз яшчэ дакладна не вядома, якой канкрэтна будзе працэдура атрымання польскай візы. Па словах Монікі Садкоўскай, усё будзе відаць на практыцы:

“Пакуль мне цяжка сказаць, якой будзе гэтая працэдура. У прынцыпе, гэта павінна выглядаць так, што кожны індывідуальна павінен будзе прыходзіць. А як будзе на практыцы можна дазнацца толькі пасля”.

Беларускія турфірмы, вядома, таксама далёка не ў самым лепшым настроі. Пра тое, што адбудзецца з польскімі турамі, нам паведамілі ў кампаніі “Алатантур”:

“Пакуль яшчэ цяжка казаць. Мы яшчэ паспелі падаць дакументы, а што далей – будзе вядома, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні. Хутчэй за ўсё людзі будуць асабіста падаваць дакументы ў амбасаду, канешне, калі з’явяцца жадаючыя гэта рабіць”.

Гучыць не вельмі аптымістычна. Але ж нейкія надзеі ўсё ж такі застаюцца. Па словах Валянціна Цэхмейстэра, Рэспубліканскі саюз тураператараў у будучым усё ж такі стане дабівацца больш лаяльных умоў:

“Мы збіраемся сустрэцца па выніках турыстычнага сезону і паразмаўляць прынамсі ў першую чаргу з прадстаўнікамі Літвы і Польшчы. Ну, а потым з чэхамі і славакамі за адным разам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі