Пра помнік Каліноўскаму спытаюцца ў Лукашэнкі

Ліст на імя ініцыятара, Алега Корбана, прыслаў намеснік старшыні Мінгарвыканкаму Ігар Карпенка.



Чыноўнік адзначыў, што ў адпаведнасці з заканадаўствам помнікі выбітным дзеячам усталёўваюцца на падставе высноваў Мінкульту і пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам ды вызначэння крыніц фінансавання.



У каментары Еўрарадыё Алег Корбан паведаміў, што адпаведны зварот на імя кіраўніка краіны будзе накіраваны ўжо заўтра, 6 жніўня — заказным лістом.



Корбан: "Калі чыноўнікі не могуць узяць на сябе адказнасць, калі яны не вырашаюць гэтае пытанне, хаця, у прынцыпе, маглі б... І ідэалагічны аддзел не можа вызначыцца, ці неабходны помнік такой асобе, як Кастусь Каліноўскі, то мы ўсё ж такі звернемся да прэзідэнта. Тым больш, што і ў сённяшнім адказе гаворыцца, што згодна з іх правіламі гэта ўсё прымаецца паводле рашэння Міністэрства культуры з абмеркаваннем у прэзідэнта".



Нагадаем, што за ўсталяванне помніка Каліноўскаму ў Мінску было сабрана 4000 подпісаў. Арыгіналы іх перададзеныя ў Мінгарвыканкам. Да звароту на адрас кіраўніка Беларусі далучаць копіі подпісаў 20 найболш значных гісторыкаў, музыкаў, грамадскіх дзеячаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі