Праваабаронцаў Равяку і Лабковіча сёння выклікаюць у міліцыю
Учора іх затрымлівалі падчас раздачы ў цэнтры Мінска паштовак з выявай палітвязня Алеся Бяляцкага.
На другія ўгодкі яго арышту падобныя акцыі прайшлі ў Беларусі і ў замежжы.
Равяку і Лабковіча затрымалі міліцыянты, у пастарунку на іх склалі пратаколы за "парушэнне парадку пікетавання". Аднак у судзе Савецкага раёна палічылі, што пратаколы складзеныя няправільна і накіравалі іх на дапрацоўку, праваабаронцаў вызвалілі.
Аднак сёння а 11-й гадзіне Таццяну Равяку і Уладзіміра Лабковіча чакаюць у РУУС Савецкага раёна. Верагодна праваабаронцаў у аўторак будуць судзіць, паведамляе Радыё Свабода.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму ў лістападзе 2011-га. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць і падтрымку сем’яў палітвязняў. Бяляцкі адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі. Краіны ЕС, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.
Фота — nn.by, svaboda.org