Прэзідэнт спытаў міністра: “Як растуць пенсіі?”. На 1,4 рубля з пачатку года
2 жніўня Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з міністрам працы і сацабароны Марыянай Шчоткінай і цікавіцца, “як растуць пенсіі”. Пра гэта паведамляе сайт кіраўніка дзяржавы.
Еўрарадыё не ведае, як адчыталася міністр працы, але можа адказаць на пытанне кіраўніка краіны. З пачатку года сярэдняя пенсія вырасла на 1 рубель 40 капеек (13 867 рублёў па-старому). А гэта менш, чым на пачак пернікаў або бляшанку паштэту.
З пачатку 2015 года павелічэнне склала 16 рублёў 64 капейкі (166 350 рублёў па-старому).
Еўрарадыё запыталася ў пенсіянераў на вуліцы, як вырасла іх пенсія з пачатку 2016 года і што яны могуць дазволіць сабе набыць на гэтыя грошы.
Антаніна Рыгораўна скардзіцца, што не адчула ніякіх павышэнняў. Па яе словах, пасля аплаты рахункаў на жыццё застаецца мала:
“За тыдзень да пенсіі мне ўжо зусім не хапае грошай. А што магу сабе дазволіць? Я вельмі сціпла жыву. Набываю ўсё па акцыях”.
95-гадовая жанчына сядзіць на лавачцы ў парку. Яна пенсіяй задаволена.
“З пачатку года… быццам адзін раз быў пераразлік. Але ў любым выпадку пенсія вельмі добрая!”, — хваліцца жанчына. Па яе словах, набывае сабе ўсё, што жадае, а гэта ў асноўным харчовыя прадукты. З вопраткай дапамагаюць дзеці і ўнукі.
Васіль Аркадзьевіч не заўважыў павелічэння пенсіі з пачатку года. Пенсіі пакуль хапае:
“Тое самае, што было, тое і засталося. Мне пакуль гэтага хапае, абы кошты б не падскочылі пакуль”.
Тое ж “хапае” гаворыць Ірына Станіславаўна і пералічвае, што звычайна набывае на гэтыя грошы:
“Ну што? Хлеб, малако, мяса, цукеркі. А вось вопратку? Ну, я ўсю маю. Што ёсць, тое ёсць”.
Пажылы мужчына, які не жадае назваць свайго імя, кажа, што пенсіі з пачатку года не павялічылі “ні на капейку”. На пытанне, што ён можа, а чаго не можа сабе дазволіць, адказвае пытаннем:
“Ну што можна сабе дазволіць на 120 долараў? Заплаціць за кватэру, пражыць і прадукты купіць. Гэта вельмі цяжка”.