Прыйшоў з "Навінак". Чым вядомы новы кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Хаджаеў

Александр Ходжаев биография

Аляксандр Хаджаеў / @pul1

Новым міністрам аховы здароўя Беларусі стаў Аляксандр Хаджаеў. На пасадзе ён змяніў Дзмітрыя Піневіча, чые далейшыя кар'ерныя перспектывы пакуль не да канца ясныя. Імя Хаджаева да прызначэння не было на слыху — расказваем, што вядома пра новага кіраўніка Міністэрства аховы здароўя.

Патолагаанатам і псіхіятр

Новы міністр нарадзіўся ў 1980 годзе. Яго бацька — Валерый Хаджаеў, таксама высокапастаўлены медык, які ў 2010-м даходзіў да пасады намесніка міністра аховы здароўя пры Васіліі Жарко. Цяпер Хаджаеў-старэйшы працуе ў расійскай фармкампаніі.

Хаджаеў, на адрозненне ад папярэдніка Піневіча, скончыў Беларускі медуніверсітэт. З 2004 ён працаваў патолагаанатам у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. У той перыяд ён напэўна перасякаўся па працы з яшчэ адным ужо экс-міністрам, Уладзімірам Каранікам, які працаваў у РНПЦ і ў апошнія гады займаў там пасаду загадчыка аддзялення.

Праўда, пазней Хаджаеў змяніў сферу інтарэсаў у медыцыне: у 2011 ён скончыў аспірантуру па спецыяльнасці "псіхіятрыя". Да 2014-га напісаў кандыдацкую дысертацыю "Індывідуалізацыя псіхатэрапеўтычнай карэкцыі псіхапатологічных праяваў у цяжарных жанчын з паталагічным прэлімінарным перыядам".

Спецыяліст па залежнасцях

Хоць і дысертацыя Хаджаева прысвечана не гэтаму, у кар'еры ён большы ўпор рабіў на наркалогію. Калі меркаваць па ягонай грамадскай актыўнасці.

Напрыклад, яшчэ чыноўнікам Міністэрства аховы здароўя ён быў адным з тых, хто абгрунтоўваў праект МУС са стварэннем новых цэнтраў дапамогі нарказалежным, працаваў "у звязцы" з на той момант кіраўніком Упраўлення па наркакантролі Генадзем Казакевічам (у лістападзе 2020 ён стане намеснікам кіраўніка МУС).

У дзяржСМІ Аляксандр Хаджаеў каментаваў тэмы з нарказалежнасцю і алкагалізмам і беларускім шляхам вырашэння праблемы (досыць спрэчным).

Ужо ў ролі кіраўніка РНПЦ псіхічнага здароўя Хаджаеў апаніраваў і замежнай практыцы аказання псіхіятрычнай дапамогі: на Захадзе пацыент сам вызначае, ці патрэбна яму медыцынская паслуга. Беларускі падыход іншы — і Хаджаеў лічыць яго больш правільным.

"Калі чалавек трапляе ў поле зроку, мы адразу пачынаем аказваць яму садзейнічанне ў разуменні хваробы, прафілактаваць паўторнае спажыванне, суправаджаем пэўны прамежак часу. Дзяржава ў рэабілітацыю людзей, якія хварэюць на алкагалізм, наркаманію, таксікаманію, укладвае вялікія сродкі. Вынік гэтай працы ёсць", — казаў ён у інтэрв'ю"СБ".

Аналагічныя падыходы, імаверна, Аляксандр Хаджаеў будзе прымяняць і ў ролі міністра аховы здароўя. Яму ўжо пастаўлена задача барацьбы з "кланавасцю" ў сферы, а сам ён заявіў аб імкненні вырашэння існуючых праблем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі