Расійскі дрон-камікадзэ залятаў на тэрыторыю Беларусі
Іранскі дрон "Шахед", які Расія выдае за сваю распрацоўку, ілюстрацыйнае фота
Адзін з беспілотнікаў, якімі Расія ўчора атакавала Украіну, залятаў у Беларусь. Ён знаходзіўся ў паветранай прасторы нашай краіны мінімум гадзіну. Пра гэта паведамляе рэсурс "Беларускі Гаюн", які адсочвае вайсковую актыўнасць.
Вядома, што беспілотнік заляцеў у Беларусь з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў раёне Лоева і ўзяў курс на паўночны захад у кірунку Мазыра. Рэсурс адзначае, што ў момант з'яўлення першай інфармацыі пра заход расійскага дрона ў Беларусь у небе Гомельскай вобласці ўжо больш за гадзіну знаходзіліся верталёт Мі-24 ВПС Беларусі і знішчальнік. У Гомельскі рэгіён яны прыляцелі: верталёт — з аэрадрома Мачулішчы, знішчальнік — з Баранавічаў. "Пра што гэта можа казаць? Як мінімум пра тое, што сілы СПА РБ зафіксавалі заход "Шахеда" ў Беларусь задоўга да таго, як інфармацыя пра гэта з'явілася ў ТГ-каналах", — адзначаюць аўтары публікацыі. Праз нейкі час і знішчальнік, і Мі-24 вярнуліся на свае аэрадромы. Не выключана, што войскі РБ былі ў курсе манеўраў і кантралявалі паветраную прастору над тэрыторыяй Беларусі на выпадак няпланавых паводзін аднаго з расійскіх беспілотнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.