Маці-гераіня на пяцярых дзяцей атрымлівае ўсяго 700 тысяч дапамогі

111116 Nasta Mamy.mp3

Еўрарадыё даведалася, як жывуць мамы, якіх прэзідэнт узнагародзіў ордэнам Маці.


Узнагароду даюць жанчынам, якія нарадзілі пяць і болей дзяцей. У Алены Рабкоўскай з вёскі Тракенікі іх пяць — 2 дзяўчынкі і 3 хлопчыкі. Да дэкрэтнага адпачынку Алена працавала ў школе гардэробшчыцай.


Алена пагадзілася пагаварыць з Еўрарадыё па тэлефоне, “пакуль малая глядзіць мульцік”.


Еўрарадыё: З кім пакінеце дзяцей, калі паедзеце ў Мінск забіраць узнагароду?


Алена: “Дачка будзе пры маме, а гэтыя — у школе… Ужо ўсе — школьнікі, толькі малой два гады споўнілася”.


Пакуль Алена не працуе, сям’я жыве на заробак мужа. Акрамя гэтага, атрымлівае па 140 тысяч дапамогі на аднаго дзіцяці ў месяц.


Алена: “Я толькі 50% атрымліваю ад дапамогі, на пяцярых дзяцей бяру толькі 700 тысяч. Мне 100% не выходзяць, таму што ў мужа нібыта вялікі заробак. Дык што гэта? Пяць дзяцей — і 700 тысяч… Канешне, гэта не грошы. А больш я нічога не атрымліваю. Так, сваімі сіламі”.


Цікаўлюся, які такі вялікі заробак атрымлівае муж. Аказалася, гэта мільёны тры. Але калі да гэтай лічбы дадаць 700 тысяч і падзяліць на 7 (колькасць людзей у сям’і), то сума будзе ў межах пражытковага мінімуму. Вельмі моцна дапамагае гаспадарка, адзначае Алена:


“На маю сям’ю цяпер гэта не грошы. На самую маленькую касцюм на зіму купіць — 500 тысяч. Ну дык што… Каб гэта на кожнага па столькі, дык я разумею… Гаспадарку трымаю, тое-сёе... Дзеці пакуль забяспечаныя. Маюць тое ж, што і ўсе — і камп’ютар ёсць. Трымаю свінняў, карову. Парсючкоў, бывае, прадаю…”.

Надзея Пятрэнка з Гомелю таксама атрымае ордэн Маці. Раней яна працавала на “Гомельдрэве”, але цяпер — беспрацоўная.


“Штораз уставаць а пятай раніцы, каб сябе прывесці ў парадак, пакуль дзяцей апрануць у садок, мне маральна было цяжка… Дзяцей шмат, часам дзіцё хварэла, а начальніку майму гэта не падабалася… Але калі б я адразу сказала, што ў мяне 6 дзяцей, то б мяне ніхто на працу не ўзяў”.


У Надзеі Пятрэнкі ажно шэсць дзяцей!


Надзея: “Старэйшы, Коля, вучыцца ў каледжы, ужо заканчвае. Саша і Паша вучацца ў школе. Машанька — у школе ў першым класе, займаецца спартыўнай гімнастыкай. Яшчэ адна дзяўчынка ходзіць у дзіцячы садок. Самы маленькі, Максім, яму чацвёрты год, ён таксама у садок ходзіць”.


Выхоўваць дзяцей дапамагаюць дзядуля з бабуляй і муж. Калі пытаюся, ці хапае грошай, Надзея адказвае, што “не ў грошах шчасце”. З дапамогай дзяржавы яна пабудавала дзве кватэры: трох- і нядаўна — чатырохпакаёвую...


“Я ніколі не скарджуся на грошы, закатку катаю. З бульбай нам дзяржава дапамагла, дала грошы, каб мы купілі…”.


Еўрарадыё: А колькі муж зарабляе?
Надзея: Мільён дзвесце, прыкладна…


Дзіўлюся, як можа хапаць такіх грошай на двух дарослых і шасцярых дзяцей.


Надзея: “Маша ідзе ў першы клас, дык трэба, каб больш-менш ужо была апранутая. А Наташка ў асноўным за Машай даношвае, у маёй сястры дачка, дык яна дапамагае, дае нейкія рэчы. А так — што застаецца. Натуральна, цяжкавата з рэчамі… Часам суседка можа даць старэйшаму сыну джынсы… Заўсёды дапамагае рэчамі”.


Заўтра адной з дзяўчынак спаўняецца шэсць гадоў. Цікаўлюся, які яна атрымае падарунак.


Надзея: “Торт купім… У прынцыпе, я магу кніжку купіць. Але як некаторыя бацькі кожны дзень штосьці купляць дзецям, то не. Калі, напрыклад, мой самы меншы папросіць цукерку, я іду і купляю”.


Разам з ордэнам шматдзетным маці дадуць і грашовую ўзнагароду — каля 2,5 мільёнаў рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі