СБУ пачала справу за ўцечку інфармацыі з закрытай сустрэчы нардэпаў і вайскоўцаў

Кірыл Буданаў / censor.net
Служба бяспекі Украіны пачала крымінальную справу па факце ўцечкі нібыта слоў кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыла Буданава. Яму прыпісваюць выказванне, што без перамоваў аб завяршэнні вайны само існаванне Украіны можа апынуцца пад пагрозай.
Пацвярджэнне гэтага hromadske атрымала ў прэс-службе СБУ. Там сказалі, што справу пачалі 28 студзеня па факце выдавання дзяржтаямніцы з боку людзей, якім яе даверылі падчас закрытага пасяджэння Вярхоўнай рады, што мела грыф "сакрэтна".
Некалькі дзён таму з'явілася публікацыя ва "Украінскай праўдзе" са спасылкай на неназванага дэпутата. Там гаварылася, што падчас закрытай сустрэчы парламентароў і прадстаўнікоў Сіл абароны Буданаў заявіў пра пагрозу для існавання Украіны, калі да лета не адбудуцца "сур'ёзныя перамовы".
Гэтую публікацыю абверг дэпутат Аляксей Ганчарэнка. Паводле яго, Буданаў сказаў: "Калі нічога не змяніць, то фронт можа сыпацца і будуць праблемы". А фразы пра пагрозу для існавання Украіны, кажа Ганчарэнка, не было.
У Галоўным упраўленні разведкі таксама абверглі інфармацыю пра нібыта словы Буданава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.