Сем'ям арыштаваных сабралі больш за 13 тысяч долараў

Сем'ям арыштаваных сабралі больш за 13 тысяч долараў

Ініцыятыва BY_help, разгорнутая ў інтэрнэце з мэтай дапамогі сем'ям людзей, арыштаваных у Беларусі, на раніцу 27 сакавіка сабрала больш за 13 тысяч долараў.

Адзін з каардынатараў ініцыятывы, лонданскі беларус Аляксей Лявончык у размове з Еўрарадыё кажа, што дакладная сума будзе вядомая заўтра зранку, бо ахвяраванні, зробленыя на выхадных, паступяць сёння цягам дня.

"Самае вялікае ахвяраванне — 600 долараў — паступіла ад жыхара Германіі. Увогуле, сярэдняя сума, якую адпраўляюць людзі, ― каля 40 долараў: нехта дасылае менш, нехта больш. Але я магу ведаць не ўсё, бо, напрыклад, групкі, якія збіраюць у штатах, перасылаюць электронным шляхам суму цалкам, не пазначаючы, колькі хто ахвяраваў", — распавядае Аляксей.

Паводле Лявончыка, сярод тых, хто найбольш актыўна ўдзельнічае ў зборы сродкаў для сямей арыштаваных па справе так званых "масавых беспарадкаў" — амерыканцы, жыхары Прагі, беларуская дыяспара ў Польшчы і палякі ў цэлым. 26 сакавіка пайшлі пераводы з Расіі:

"Я не магу бачыць краіну паходжання тых, хто пераводзіць грошы на PayPal, бо ўсё праходзіць праз e-mail, але смела можна сказаць, што 80% дапамагатых — гэта беларуская дыяспара, 20 — замежнікі".

Да таго ж, па словах Лявончыка, яму піша вялікая колькасць людзей, якая хочуць дапамагчы "мэтава" тым ці іншым сем'ям, яны атрымліваюць кантакты і дзейнічаюць самастойна.

"Я асабіста займаюся сем'ямі арыштаваных па гэтых фантомных "беспарадках", у некаторых з якіх "доблесныя органы" забралі грошы сабе на піва, — тлумачыць Аляксей. — Трэба дапамагчы людзям, якія мусяць сёння заплаціць за кватэру, зрабіць перадачу, карміць дзяцей, у якіх маці беспрацоўныя. Двум сем'ям грошы ўжо паступілі. З заўтра пачнецца размеркаванне грошай для іншых. Сума ў 13 тысяч, вядома, вялікая, але калі яе падзяліць на 30 сем'яў, атрымліваецца не так і шмат на кожную. Адпаведна, наша дапамога накіраваная на "тут і цяпер"".

Як перадаць грошы глядзіце тут.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі