Скрыган: На круглы стол 1999-га сабралі "масоўку", якая заглушала апазіцыю
Удзельніца колішняга дыялогу паміж ўладай і апазіцыяй разважае, чаму ж ён не даў выніку. Яна засцерагае, што і цяпер можа адбыцца імітацыя сапраўдных перамоваў.
Спробы дыялогу паміж уладай і апазіцыяй рабіліся ў 1990-я гады. Апошняя з іх — у 1999 годзе пры дапамозе кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ, якой кіраваў Ханс-Георг Вік. Усе яны былі безвыніковымі. Еўрарадыё паразмаўляла пра прычыну правалу "круглых сталоў" з Аленай Скрыган, дзеячкай Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" (у той час — Партыі камуністаў Беларусі), удзельніцай тагачасных перамоваў.
Еўрарадыё: Чаму круглы стол 1999 года не апраўдаў надзеяў, якія на яго ўскладаліся?
110829 SkryganS.mp3
Алена Скрыган: Я думаю, што першапачаткова ўлады, збіраючы гэты круглы стол, такую мэту перад сабой і ставілі: каб ён не даў ніякіх вынікаў. Таму што ў круглым стале прымалі ўдзел прадстаўнікі не толькі палітычных партый, але і самых розных грамадскіх арганізацый. Прычым грамадскіх арганізацый, якія ніякага дачынення да палітыкі мець не павінны, таму што ў іх статутах акурат гэта забаронена, напрыклад, лесаводы ці эколагі. Іх было сабрана столькі, каб іх голас заглушаў голас тых, хто сапраўды разбіраецца ў сітуацыі, хто ставіць нейкія менавіта палітычныя мэты...
Еўрарадыё: А ці была нейкая праграма ў гэтага круглага стала?
Алена Скрыган: Праграмы не было, але былі некалькі груп, якія мелі канкрэтныя мэты. Напрыклад, я працавала ў групе, якая выпрацоўвала прапановы па паляпшэнні выбарчага заканадаўства. Пры гэтым нам удалося нават у такім грамадскім коле ўнесці і адстаяць прапановы, якія былі падтрыманыя ўсімі. Я памятаю, напрыклад, што там былі прадстаўнікі беларускіх казакоў. І яны таксама падтрымалі нашыя прапановы, што датычыліся грамадскіх аб’яднанняў, каб грамадскія аб’яднанні больш удзельнічалі ў складзе выбарчых камісій, і нават, каб яны мелі магчымасць вылучаць сваіх кандыдатаў.
У рэшце рэшт гэтыя прапановы знайшлі вельмі-вельмі малое адлюстраванне ў выбарчым заканадаўстве. Былі прынятыя толькі некалькі прапановаў, якія нічога не вырашалі, але рабілі ўражанне, што нешта прынята. А калі адбылося пашыранае паседжанне круглага стала перад летам і яго ўдзельнікі, прадстаўнікі палітычных партый, пачалі вылучаць новыя ідэі, то гэта ўсё было згорнута. Маўляў, "вернемся пасля лета, будзем абмяркоўваць і працаваць далей". Але пасля лета гэты круглы стол ужо не сабраўся. Разыходзячыся, мы разумелі, што на гэтым усё і скончылася.
Еўрарадыё: А ці меў надзеі на гэты круглы стол Ханс Георг Вік, які ім апекаваўся тады?
Алена Скрыган: Я думаю, што меў. Гэты круглы стол выпрацаваў нейкія прапановы, але яны ўладзе былі ніяк не да спадобы.
Еўрарадыё: А цяпер на вашую думку такая ж сітуацыя? Які сёння можа быць лёс круглага стала?
Алена Скрыган: Я думаю, пакуль няма сітуацыі, каб улады пагадзіліся прыняць прапановы, якія грамадскасць можа выказаць. Кожны дзень раздаюцца нейкія абяцанкі, што "сёння будзе добра", "заўтра будзе добра". Калі ўлады не прызнаюць публічна, што сапраўды сітуацыя зайшла ў тупік, да гэтага часу, мне здаецца, будзе рабіцца ўсё, каб толькі адвесці ўдар. Толькі тады, калі будзе прызнана, што сапраўды склалася такая сітуацыя, што трэба ўсім сабрацца і вырашаць, як быць далей, толькі тады можна спадзявацца на тое, што сапраўды будуць перамовы і сапраўды будуць прыслухоўвацца да таго, што кажуць людзі.
На здымку: Перад ад'ездам з Беларусі ў снежні 2001-га спадар Вік атрымаў падарункі, у тым ліку і ад былых удзельнікаў круглага стала.
Фота — bymedia.net