Спрынт у Эстэрсундзе выйграла Херман, а Домрачава на фініш не прыйшла

Спрынт у Эстэрсундзе выйграла Херман, а Домрачава на фініш не прыйшла

1 снежня ў шведскім Эстэрсундзе прайшоў жаночы спрынт на 7,5 км. На жаль, беларускі выступілі няўдала. Надзея Скардзіна, якая пазаўчора сенсацыйна выйграла індывідуальную гонку, сёння таксама адстралялася на двух агнявых рубяжах бездакорна. А вось хуткасці на лыжні ёй не хапіла. У выніку, Надзея заняла толькі 12-е месца (+45,6).

Дар’і Домрачавай таксама не хапала хуткасці, а яшчэ і дакладнасці ў стральбе. Падчас першай стральбы яна зрабіла адзін промах, падчас другой адразу тры! Пасля гэтага біятланістка не паехала на фініш — сышла з дыстанцыі. Надзея Пісарава пасля шасці промахаў у індывідуальнай гонцы на гэты раз страляла дакладна, яна заняла 33-е месца (+1.21,6). Ірына Крыўко з двума промахамі заняла 53-е месца (+1.59,6), Дар’я Юркевіч з адным промахам была 59-й (+2.10,3).

Спрынт выйграла Дэніз Херман з Германіі (19.54,8; 1 промах), на другім месцы — Жусцін Брэза з Францыі (+15,2; без промахаў), на трэцім — Юлія Джыма з Украіны (+19,6; без промахаў).

Сумная навіна ў тым, што Дар'я Домрачава, якая сышла з дыстанцыі, не выступіць у гонцы пераследу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі