Стала вядома, хто арганізаваў забойства Прыгожына

Яўген Прыгожын і Уладзімір Пуцін

Яўген Прыгожын і Уладзімір Пуцін / ИД "Коммерсант"

Забойства Яўгена Прыгожына арганізаваў кіраўнік Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў, піша The Wall Street Journal. Патрушаў папярэджваў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна аб небяспецы Прыгожына яшчэ летам 2022, расказаў выданню былы расійскі выведнік. Але тады Пуцін да гэтых папярэджанняў не прыслухаўся — яго задавальняла, што вагнераўцы маюць поспех на полі бою.

У мінулым кастрычніку Прыгожын нібыта тэлефанаваў Пуціну і скардзіўся на дэфіцыт боепрыпасаў, які прыводзіць да вялікіх страт. Патрушаў падчас гэтай размовы быў у кабінеце расійскага прэзідэнта, сцвярджае крыніца. У выніку рэакцыі на скаргі не было, і Пуцін перастаў адказваць на званкі. А калі ў чэрвені 2023 года Прыгожын пачаў мяцеж, кіраванне сітуацыяй узяў на сябе Патрушаў.

Паводле звестак крыніц WSJ, кіраўнік Рады бяспекі тэлефанаваў афіцэрам, якія сімпатызавалі Прыгожыну, і прасіў іх пераканаць кіраўніка ПВК спыніць мяцеж. Патрушаў таксама шукаў міжнародных пасярэднікаў для перамоваў з Прыгожыным. Паводле звестак выдання, акрамя Лукашэнкі ён спрабаваў прыцягнуць да развязання гэтай сітуацыі прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева — прасіў аб вайсковай дапамозе, калі войска РФ не зможа стрымаць наймітаў. Гэтая дапамога мусіла зрабіцца паслугай у адказ за ўвод сіл АДКБ у студзені 2022 года. Але Такаеў адмовіўся, сцвярджаюць крыніцы WSJ.

Пасля завяршэння мяцяжу Патрушаў пачаў распрацоўваць план забойства. Крыніцы выдання з заходніх спецслужбаў сцвярджаюць, што Пуцін бачыў гэты план і не стаў пярэчыць. Невялікую бомбу заклалі пад крыло прыватнага самалёта Прыгожына ў аэрапорце "Шарамецьева", пакуль ён чакаў, калі яго самалёт правераць і падрыхтуюць да вылету. Бомба выбухнула праз паўгадзіны пасля ўзлёту на вышыні прыкладна 8500 метраў. На борце знаходзіліся дзесяць чалавек, усе яны загінулі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі