Сталі вядомыя падрабязнасці дэпартацыі палітуцекача Андрэя Мялешкі з Грузіі
Андрэй Мялешка з дачкой
Актывісту беларускай дыяпары ў Грузіі Андрэю Мялешку не паставілі ў пашпарце ні штамп пра дэпартацыю, ні забарону на ўезд у краіну. Пра гэта палітуцякач расказаў у інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Як паведамляла Еўрарадыё, 16 верасня Мялешку затрымалі ў аэрапорце Кутаісі, куды ён з 11-гадовай дачкой вярнуўся з Польшчы. Сям'я Мялешкаў жыве ў Грузіі апошнія тры гады. У ноч на 17 верасня беларуса з дачкой выслалі ў Польшчу, у Грузіі засталася яго жонка з другой дачкой.
Перад гэтым з Мялешкам некалькі гадзін не было сувязі, а рэйс, на якім іх выслалі, затрымалі больш як на восем гадзінаў.
Мялешка расказаў, што тэлефоны, ноўтбук і астатнія дэвайсы ў іх з дачкой забралі пасля таго, як ён даў каментар "Свабодзе" пра сваё затрыманне ў аэрапорце Кутаісі. "Сказалі: "Вы зашмат гаворыце", — згадвае ён.
Палітуцякач кажа, асцерагаўся высылкі ў Беларусь: "У чатыры гадзіны нас спрабавалі першы раз пасадзіць на самалёт. Мы мусілі вылятаць у 15:40. А ў 15:30 быў рэйс "Белавія". Была імавернасць, што нас на гэты рэйс пасадзяць. Мы бачылі самалёт з валошкай з вакна. Ён зрабіў кола. Дачка кажа: "Дзякуй Богу, што нас на яго не пасадзілі".
Дачка Мялешкаў не змагла пабачыцца з маці, праз што яна вельмі перажывала. "Плакала, бо з мамай не можа ніяк сустрэцца, з мамай не можа паразмаўляць. З мамай яны пагаварылі толькі ў самалёце (праз тэлефон. — РС)", — кажа мужчына.
Таксама ён расказвае, што дзяўчынка нічога не ела каля дванаццаці гадзін. Калі іх не пасадзілі на самалёт а 16-й гадзіне, Мялешка "падняў бунт" і стаў прасіць, каб пакармілі дзіця. Спачатку ім прынеслі піражкі і гарачую ваду. Бацька папрасіў прынесці дзіцяці што-небудзь яшчэ — напрыклад, бульбу-фры. "Праз гадзіны дзве прынеслі паднос бульбы фры на кілаграма паўтара. Больш да нас ніхто не заходзіў і нічога не прыносілі", — згадвае палітуцякач.
Бліжэйшым часам Андрэй Мялешка плануе застацца ў Польшчы — верагодна, паедзе ў Беласток, дзе ў яго шмат знаёмых. Што будзе рабіць жонка з малодшай дачкой, якія застаюцца ў Батумі, пакуль не вырашылі. У сям'і няма нерухомасці ў Грузіі, але сабраць усе рэчы і перавезці ў Польшчу было б складана.
Сваю высылку Мялешка ацэньвае як дзіўную. "Нам жа не паставілі "дэпартацыю", нам не паставілі пячатак у пашпарце, што мы прыязджалі ў Грузію. Хочаце — можаце да нас прыязджаць", — дзеліцца ён падрабязнасцямі.
Палітуцякач кажа, што ў выдадзеных дакументах пазначана, што ім з дачкой забаранілі ўезд у Грузію з "іншых прычын". Што хаваецца за фармулёўкай, ім не патлумачылі, а прапанавалі пісаць у Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі.
Мялешка мяркуе, што яго маглі не ўпусціць у Грузію перад парламенцкімі выбарамі ў краіне. Яны прызначаныя на кастрычнік.
Ягго сітуацыяй, кажа беларус, цяпер займаюцца чатыры грузінскія арганізацыі, звязаныя з праваабаронай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.