Журналіста-палітуцекача Мялешку не пусцілі ў Грузію, дзе ён жыў апошнія гады
Андрэй Мялешка з дачкой
У Грузію не пусцілі беларускага журналіста-палітуцекача Андрэя Мялешку. Пра гэта сам Андрэй напісаў у сацсетках.
Мялешка пакінуў Беларусь, уцякаючы ад палітычнага пераследу. Апошнія тры гады ён жыве ў Грузіі.
Гэтай ноччу ён з дачкой вяртаўся ў Грузію з Польшчы. Аднак у аэрапорце Кутаісі іх затрымалі. Па словах журналіста, грузінскія памежнікі не патлумачылі прычыну нядопуску ў краіну.
У выніку Мялешку з дачкой вырашылі дэпартаваць назад у Польшчу. "Нас адпраўляюць назад без тлумачэння прычын. Забралі пашпарты і сядзім ў дзіўным пакоі Кутаіскага аэрапорта", — распавядае Мялешка. У Грузіі застаюцца яго жонка і другая дачка.
Гэта ўжо не першы выпадак, калі беларускіх палітуцекачоў не пускаюць у Грузію. Гэта можа быць звязана з тым, што цяперашнія грузінскія ўлады ўзялі палітычны курс на збліжэнне з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.