Статкевіч абвясціў пра пачатак кампаніі "Улада — народу"
На сумеснай прэс-канферэнцыі лідараў апазіцыі вечарам 11 кастрычніка ў Мінску былы палітвязень Мікалай Статкевіч абвясціў пра пачатак кампаніі "Улада — народу", інфармуе БелаПАН.
"Кампанія была распачатая ў суботу [10 кастрычніка на "Шэсці нацыянальнага сцяга" ў Мінску]. Яе мэта — вярнуць уладу народу", — заявіў палітык. Ён адзначыў, што лідары апазіцыі будуць заклікаць і іншыя палітычныя партыі, кампаніі і грамадзян далучацца да дзейнасці гэтай кампаніі, якая будзе насіць розныя формы, у тым ліку ў выглядзе вулічнай актыўнасці.
Статкевіч паведаміў, што наступная вулічная акцыя, якую арганізуюць палітыкі, адбудзецца ў канцы лістапада "ў памяць пра чорную дату беларускай гісторыі — канстытуцыйны пераварот, рэферэндум 1996 года".
Паводле меркавання экс-палітзняволенага, хуткім часам палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне пагоршыцца, будзе расці сацыяльная напружанасць. "Калі ўлада не пойдзе на саступкі народу і не будуць унесеныя рэальныя змены ў выбарчае заканадаўства, якія робяць удзел у выбарах сэнсоўным, у беларускага грамадства застаецца толькі адзін сродак вяртання ўлады. На жаль, ён ужо не будзе звязаны з выбарамі. Калі Лукашэнка не пагодзіцца на рэформы, то беларускі народ забярэ сабе ўладу сілай", — заявіў Статкевіч.
Лідары беларускай апазіцыі заклікалі не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў