Стрэльнікаў: Мы робім тэатральную прэмію, якую самі ўдзельнікі не лічаць вартай

Стрэльнікаў: Мы робім тэатральную прэмію, якую самі ўдзельнікі не лічаць вартай

28 лістапада ў Мінску ўручылі Нацыянальную тэатральную прэмію: у чатырох намінацыях адзначылі лепшыя спектаклі, пастаўленыя за апошнія два гады. Аднак насуперак законам логікі сёлета нечакана выключылі намінацыі "Лепшы рэжысёр", "Лепшы мастак", "Лепшы кампазітар", "Лепшы сцэнограф". Спектаклі для прэміі абіралі спачатку самі тэатры, крытыкі па відэазапісах вылучалі лепшыя з іх. Потым цягам тыдня перад цырымоніяй узнагароджання намінаваныя спектаклі дэманcтраваліся ў сталіцы нажыва.


Наколькі ўплывовая тэатральная прэмія сярод беларускіх тэатралаў і ці адлюстроўвае яна сучасныя тэндэнцыі ў нашым тэатры, пытаемся ў крытыка Аляксея Стрэльнікава.

 

Найцікавейшыя цытаты з размовы:


Тэатральная прэмія — нагода пагаварыць пра тэатр не толькі ў дзень тэатра.


Беларускі дзяржаўны тэатр лялек не вылучаў ніякіх спектакляў. Па сутнасці гэта можна ўспрыняць як дэмарш, але гэта абсалютна іх воля сказаць, што яны не знаходзяць сярод сваіх спектакляў нічога вартага. Хаця іх мінулагоднія спектаклі "Птушка" і "Інтэрв'ю з ведзьмамі" называліся тэатральнымі крытыкамі лепшымі. 


Тэатральныя калектывы маюць слабы ўплыў на тое, якім чынам прэмія фарміруецца і развіваецца. Гэта нонсенс, што мы робім прэмію, якую самі ўдзельнікі не лічаць вартай. Яе ў першую чаргу трэба рабіць прэстыжнай для саміх мастакоў. І гэты званочак ад Тэатра лялек вельмі важны.


Прэмію "За ўклад" атрымаў Аляксей Дудараў. Не адмаўляю ягоных заслуг, ён вельмі важная постаць для беларускага тэатра. Але ўзгадваю, што па сутнасці Нацыянальная тэатральная прэмія прыйшла на змену раздачы тэатральных "Паўлінак" у дзень тэатра 27 сакавіка. І ўзгадваю апошняе ўручэнне, калі мастацкі кіраўнік Тэатра арміі Дудараў уручаў артыстам Тэатра арміі ўзнагароды. І гэтае ўзнагароджанне саміх сябе выглядае вельмі дзіўна ва ўмовах, калі ў нас цэлыя пласты актуальных тэатральных падзей не адзначаюцца.
Фестываль ладзіцца раз на два гады — яшчэ адзін мінус, але ён аб'ектыўны. Мы эканомім грошы і не можам рабіць яго кожны год.


Акурат і 2014 і 2015 гады былі багатыя на тэатральныя падзеі. І можна было назбіраць спектакляў на некалькі фестываляў. Бо чым часцей адбываюцца нейкія зрэзы і кантрольная, умоўна кажучы, закупка, тым лепш.


Калі Мінкульт абвесціў пра скарачэнне намінацый, паведамлялася, што рашэнне абапіралася на меркаванне тэатральнай грамадскасці. Мы высвятлялі, чыя была ідэя, і не знайшлі канцоў.


У нас вельмі моцная драматургія, якая абсалютна не заўважана: прэмію за лепшае ўвасабленне беларускай п'есы атрымаў спектакль "Пясняр" па п'есе Васіля Дранько-Майсюка. Але ёсць жа Дзмітрый Багаслаўскі, які шырока ставіцца ў Расіі, Віталь Каралёў, новы цудоўны драматург са спектаклем "Опіум"... Гэтыя маладыя людзі ігнаруюцца, а людзям узроўню Дударава, які мае столькі ўзнагарод, што доўга пералічваць, па-ранейшаму аддаюць пашану.


Уладныя інстытуцыі не цікавяць жывыя працэсы, якія ідуць знізу: ні праектны тэатр, які ў нас зараз развіваецца, ні новая драматургія, ні харэаграфія. Яны дбаюць пра захаванне статусу-кво: падтрымліваюць вагу тых людзей, якія прыйшлі ў беларускую культуру ў часы СССР... 


Тэатральная прэмія патрэбна для таго, каб прапагандаваць тэатральнае мастацтва. Фота лаўрэатаў нацыянальнай прэміі павінны вісець на бігбордах. Вельмі шмат у нас робіцца проста для галачкі. Атрымліваецца, што Нацыянальная прэмія — гэта толькі клічнік і кропка. На жаль. 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі