Сухі красавік і "брудная" нафта могуць паўплываць на беларускі ВУП
Дзмітры Круты / БелТА
На фоне ацэнак ад міжнародных фінансавых арганізацый беларускі прагноз па росце валавага ўнутранага прадукта на 4% за 2019 год выглядае вельмі аптымістычным. Аднак пакуль што падстаў для яго перагляду няма – так лічыць міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты.
"Да атрымання вынікаў першага паўгоддзя ніякіх падстаў пераглядаць прагноз [па ВУП] няма, – заявіў міністр у праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1". – Мы яшчэ не ведаем, якая ў нас будзе сітуацыя ў сельскай гаспадарцы з улікам вельмі сухога красавіка – цяпер эксперты разлічваюць адпаведныя лічбы па магчымым ураджаі, па нарыхтоўцы кармоў. Таксама вось гэтая вядомая гісторыя з "бруднай" нафтай – наколькі яна паўплывае на ўмовы транзіту, то бок, гэта транспартны сектар аптовага гандлю, і [на] саміх вытворцаў, нафтаперапрацоўчыя заводы. Зараз адпаведныя ацэнкі таксама робяцца".
Чыноўнік падкрэсліў, што патэнцыйныя інвестары ў беларускую эканоміку разглядаюць ВУП як індыкатыўны [рэкамендацыйны, але не абавязковы. – Еўрарадыё] паказчык, таму прагнозы па ім практычна не абмяркоўваюцца. "Для іх больш важным з'яўляецца ўзровень золатавалютных рэзерваў краіны, дынаміка па інфляцыі, суадносіны дзяржаўнага доўгу да ВУП і стан бюджэту", – дадаў Дзмітрый Круты.