Сяргей Бігель пра катаванні ў Беларусі: "Мяне растапталі як чалавека, як асобу"
У Беларусі Сяргей амаль усё жыццё працаваў прадпрымальнікам. За спробу аднесці зварот з пратэстам супраць прымянення гвалту ў дачыненні да мірных грамадзян у мясцовы сельсавет ён і яго сябры былі затрыманыя, зазналі збіццё і катаванні. Цяпер Сяргей жыве ў Літве.
Сяргей, што б вы сказалі тым рускім, палякам і літоўцам, якія лічаць, што Лукашэнка выдатны прэзідэнт, клапоціцца пра Беларусь і яе людзей, а жыццё на вашай Радзіме значна лепшае за жыццё ў Літве?
Тым літоўцам, якія лічаць, што мы там падняліся ні за што і спрабуем разваліць сваю краіну, я прапаную памяняцца месцамі: давайце я пажыву на вашым месцы ў Літве, а вы пажывяце на маім у Беларусі. Думаю, што не пазней чым праз год вы будзеце ўцякаць з Беларусі без штаноў, толькі каб хутчэй дабегчы сюды, каб не заставацца там. Гэта я вам гарантую на ўсе сто адсоткаў.
Калі вы пачалі разумець, што з Лукашэнкам і яго метадамі, якімі ён кіруе, нешта не тое?
Выязджаеш у Літву, Польшчу і бачыш, як людзі могуць жыць у нармальнай краіне, і ты проста разумееш, што мы, беларусы, ступілі ў свой час кудысьці не туды і той выбар, тую памылку трэба выпраўляць. Таму ідзеш на мітынг і думаеш: мы пераможам, усё будзе добра, хоць бы мае дзеці будуць жыць добра ў гэтай краіне.
Вы з самага пачатку прымалі ўдзел у пратэстах?
Да 12 жніўня, пакуль мяне самога не схапілі, не збілі і я праз гэта не трапіў у бальніцу, да гэтага моманту я быў, скажам, такім канапавым "пратэстуном". Мог абурацца ў інтэрнэце, з кімсьці пагаварыць на вуліцы, але так, каб канкрэтна хадзіць на мітынгі і выступаць... У той жа дзень (калі затрымалі) мы ж не на мітынг пайшлі. Мы пайшлі проста падаваць паперу супраць таго, што пачало дзеяцца, што пачалі забіваць людзей, мы проста зрабілі такі зварот да нашых уладаў, да мясцовых уладаў, і пайшлі — я, мой брат і два мае сябры — занесці гэтае паведамленне ў сельсавет.
Вас затрымала міліцыя?
Нас затрымаў АМАП. Калі мы сабраліся ў адным месцы, каб занесці гэты зварот, пад'ехаў бусік, выскачылі чалавек шэсць-сем амапаўцаў у масках, пры ўсёй амуніцыі. Мы адразу леглі на зямлю, таму што я ўжо шмат чуў пра тое, што яны робяць. Нас пачалі збіваць ужо там, каля машыны, потым у машыне па дарозе ў РУУС. Пасля сустрэчы з імі я стаў заўзятым "пратэстуном", пакуль сам не трапіў, не верыў... Лічыў, што інфармацыя перабольшаная. Можа быць, і верыў, што хтосьці дзесьці там атрымаў крыху, але пакуль ты сам не трапляеш у гэтую сітуацыю, пакуль не адчуеш на сабе, што такое злачынная ўлада, не верыш. Калі ляжыш здаровы, добрапрыстойны мужык і законапаслухмяны грамадзянін, і цябе проста на тэрыторыі РУУС, у органе, які павінен абараняць людзей, кладуць тварам у зямлю, месяць гэтымі дубінкамі, скачуць па табе нагамі, і ты ляжыш... Галава нават у той момант не можа прыняць, што гэта адбываецца менавіта з табой, што так наогул можа быць.
Што з вамі і вашымі сябрамі адбывалася далей?
Мы ўчатырох ляжалі паміж двух сядзенняў, нас ўпіхнулі, упрэсавалі туды і селі зверху. Толькі адзін амапавец ехаў за рулём, а ўсе астатнія, чалавек шэсць, сядзелі на нас.
Вас працягнулі збіваць у аўтамабілі?
Яны на мне ўдваіх сядзелі, і ім, можа, было нязручна мяне біць, але і тое... Адзін узяў і вось так пачаў мне валасы на галаве косткамі пальцаў церці, кудлаціць... А другі кажа: падпальвай, падпальвай. Я гэтага не бачу, але ж адчуваю, чую, што пстрыкае, думаю, блін, гэта ж запальнічка, вось-вось мне валасы падпаляць. Я нейкім неймаверным высілкам вызваліў руку, таму што рукі ў мяне ззаду, высоўваю руку, каб закрыць галаву, а ён бярэ мяне за палец і выкручвае яго з усёй сілы, надарваў мне тады пазногаць і кажа: жывёліна, што ты закрываешся? Ну як я не буду закрывацца, ён жа мне валасы хоча падпаліць!
А, напрыклад Саша Грымайць, яго білі так, што, ведаеце, ужо такія гукі, якія хлюпаюць, былі. Вазьмі мяса сырога кавалак і бі кулаком, там ужо такое вось... Ён ужо просіцца, кажа: ну не біце мяне ўжо больш, у мяне ўжо ўсё там баліць. А яны яго лупяць з яшчэ большай жорсткасцю. Амапаўцы яго білі больш за ўсіх, таму што потым у РУУС на апытанне яго цягнулі пад рукі два міліцыянеры. Саша ўжо ледзь перасоўваў ногі... Ногі цягнуліся. Саша кажа: не біце мяне, хлопцы, мяне ўжо ванітуе.
Вас працягнулі збіваць?
Пры пад'ездзе ў РУУС дзяжурылі людзі, нашы валанцёры... Калі мы спыніліся ва ўнутраным дворыку РУУС, амапаўцы сказалі, што калі хоць пікнеце і вас пачуюць людзі, якія там стаяць, то мы адвязём вас у лес і больш вас ніхто не знойдзе. Амапавец мяне выцягнуў за ногі, я адразу ўпаў. Сказаў "рукі за галаву", а потым перадумаў і кажа "рукі за спіну". Крыху пазней амапавец проста адцягнуў мяне за ногі і паклаў там, дзе яму трэба. Я зразумеў па ўдарах, у гэты час мясілі мяне і іншых хлопцаў дубінамі.
Вам было страшна?
Балюча, страшна, крыўдна, і ты такі просішся, кажаш "усё, усё, я ляжу, я не супраціўляюся", і потым з іх боку — куча мату, абразы, збіццё. Нас усіх паклалі на асфальт, сказалі ляжаць і глядзець проста ў зямлю. Ну колькі ты так праляжыш з рукамі за спінай... Па-першае, рукі дрыжаць ад напружання, калі так ляжыш, прабіраюць дрыжыкі, таму што гэта ненатуральная пастава для чалавека. Глядзець увесь час уніз ты не можаш, акуляры ў мяне былі ў руцэ, потым, калі падаў, паспеў іх начапіць, але гэта было лішняе. Я ляжаў, зацекла шыя, паклаў галаву набок, каб было лягчэй. Амапавец падышоў: павярні галаву, я сказаў.
Я павярнуў галаву назад, павярнуўся носам у зямлю. Мне здалося, што яны адышлі пакурыць ці што... Знізу ж не відаць. Шыя ў мяне зноў зацякла, і я зноў у іншы бок галаву крыху павярнуў, а амапавец, відаць, стаяў чакаў — падышоў, наступіў мне нагой на твар: я сказаў табе павярнуць галаву. Пры гэтым раздушыў акуляры. Проста калі яны хруснулі, можа, ён падумаў, што ў мяне чэрап хруснуў, і потым стаіць такі і кажа: прабач за акуляры.
Што зрабіў начальнік міліцыі?
Ну вось мы ляжалі некаторы час, потым выйшлі з РУУС нейкія людзі, задавалі пытанні, крычалі, навошта "арганізавалі мітынг", але як толькі пачынаеш казаць, што мітынг мы не арганізоўвалі, а неслі зварот у органы ўлады, сыплецца град удараў. Табе нічога не даюць сказаць, на кожнае слова — атрымліваеш град удараў. Потым выйшаў начальнік РУУС, сказаў: цяпер я буду задаваць пытанні, калі хтосьці з вас прымусіць мяне паўтарыць пытанне двойчы, адчуеце на сабе, чым гэта пагражае. І першае ж пытанне Віталіку... Мы ўсе ляжым тварам уніз, ты ж не ведаеш, да каго ён звяртаецца, таму што ён стаіць ззаду, і Віталік кажа "вы мне?", а яго адразу пачынаюць біць.
Потым я трапіў у лякарню. З лякарні ўцёк, бо мне перадалі, што, як толькі стане лепей, мяне забяруць назад у камеру. Яны нават мяне не хацелі аддаваць: твар у крыві, рассечанае брыво, галава круцілася, было страсенне мазгоў. Я думаў, што рэбры зламаныя, мне месяц пасля гэтага цяжка было дыхаць. Аказалася, што, калі яны па мне скакалі, расцягнулі міжрэберныя звязкі.
Як вы ацэньваеце тое, што адбылося з вамі?
Гэта самае вялікае прыніжэнне за ўсё маё жыццё, гэта самае, таму што да гэтага вось моманту нейкія там калатнечы, праблемы, спрэчкі з кімсьці — гэта ўсё нішто ў параўнанні з тым, што цябе растапталі як чалавека, як асобу. Ты адчуваеш сябе не лепш, чым нейкая скаціна ў тым жа калгасе, якую панукаюць электрашокерам, куды ісці, дзе пасвіцца і што рабіць. Рэальна асацыюеш сябе з кімсьці, каму далёка да чалавека. Жыццё ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы, дзе чалавек кожны дзень на ўсялякі выпадак носіць з сабой у сумцы турэмны пакецік. Прывітанне, Паўночная Карэя!
Калі і чаму вы прынялі рашэнне ўцякаць з Беларусі?
Пасля ўцёкаў з лякарні я стаў хадзіць на ўсе мітынгі запар. На адным з мітынгаў набеглі амапаўцы і сталі дубасіць усіх запар, у мяне быў у руках наш беларускі сцяг на палачцы. І калі група людзей у масках стала нас збіваць, я стаў проста адбівацца, а гэта ў Беларусі цягне прыблізна гадоў на восем. Таму рашэнне ўцякаць у Літву я прыняў вокамгненна і на наступны дзень быў ужо ў Літве. Праз чатыры гадзіны, у той жа дзень, як я перасёк мяжу, у мой дом у вёсцы, дзе я прапісаны, ламалі дзверы. Такое адчуванне, што палова войска прыехала мяне хапаць, такога вялікага і небяспечнага бандыта. І міліцыянеры, і нейкія супрацоўнікі органаў у цывільным.
Мяжу з Літвой вы перасеклі бесперашкодна?
На той момант мяне, відаць, яшчэ не ўнеслі ў базу падазраваных. Таму так — я на аўтобусе спакойненька прыехаў у Вільню.
Жонка ваша рашэнне ўцякаць у Літву падтрымала?
Жонка, зразумелая рэч, падтрымала маё рашэнне з'ехаць, таму што сказала, што лепш, каб я быў на волі, чым у турме, і невядома, як усё гэта ў турме яшчэ скончыцца.
Апынуўшыся ў Літве, вы адчувалі сябе ў бяспецы?
Былі паведамленні з так званых аднадзённых акаўнтаў у фэйсбуку ці "УКантакце", эсэмэскі на тэлефон прыходзілі з такім сэнсам, што "дастанем цябе і ў Літве, і паедзеш дадому ў багажніку". Я так думаю, што гэта немагчыма, таму што ў Літве працуе і правасуддзе, і закон, але ўсё роўна маральна гэта цісне.
Арышт і збіццё прайшлі для вас бясследна?
У Нарвегіі праходзіў мытню на машыне, і ў іх ёсць працэдура надгляду, я якраз на яе трапіў. І адзін з этапаў надгляду, гэта калі цябе заводзяць у асобны пакой, так званы пакой чакання, у ім толькі адна лавачка, умураваная ў сцяну. То-бок яна вельмі падобная да так званага стакана, у якім я сядзеў у РУУС. Я амаль месяц правёў у Літве, у Нарвегіі і Швецыі, але калі мяне зачынілі ў гэтым пакоі, я адчуў такі псіхалагічны ўдар... Думаў, што ўжо забыўся ўсё, што было, і псіхалагічная траўма адсутнічае, але вось калі я сеў і падумаў, што як усё падобна — сяджу амаль як у камеры РУУС, пачалася паніка, што зараз адчыняцца дзверы, уварвуцца гэтыя ў масках з дубінкамі і пачнуць мяне збіваць. Я потым пісаў скаргу ў мытню, што не трэба так з людзьмі: выганіце мяне на вуліцу, вылучыце мне любы іншы пакой, дзе будзе тэлевізар, кава і ўсё астатняе, толькі не трэба трымаць у такім пакоі чакання. Я выйшаў з гэтага пакоя, і ў мяне трэсліся рукі, таму не магу сказаць, што для мяне ўсё гэтае збіццё і катаванні прайшлі бясследна.
Якія эмоцыі і пачуцці пасля ўцёкаў у Літву ў вас выклікаюць людзі ў паліцэйскай форме?
Пасля прыезду я яшчэ тыдзень баяўся вашай паліцыі, па памяці па старой. Стараўся абыходзіць, каб крый божа з імі не сустрэцца. Больш за тое, паліцэйскіх у вас нідзе не відаць, паліцыя з'яўляецца толькі там, дзе яна патрэбна. Не так, як у нас, калі міліцыя ходзіць па вуліцах для застрашвання людзей, каб усе бачылі — мы тут, мы тут! Напрыклад, адзін раз, ужо ў Панявежы, я сустрэўся з паліцэйскімі на выхадзе, і ў мяне пстрычка — блін — звярнуць кудысьці, што рабіць, каб толькі з імі не сустрэцца. Спрацаваў інстынкт самазахавання, гэта потым я ўжо супакоіўся, усё трохі забылася. Цяпер я гляджу на ўсё і разумею, што і праваахоўныя органы могуць быць іншымі, не такімі, як нам у Беларусі малююць. Паліцэйскіх можа быць значна менш, і яны будуць спраўляцца са сваёй працай і не будуць збіваць людзей.
Вітольд Янчыс
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.