Сяргей Дылеўскі: давялося вывезці сям’ю ў Польшчу, бо мне пагражаў КДБ
Сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады, былы кіраўнік страйкама МТЗ Сяргей Дылеўскі вывез сваю сям'ю ў Польшчу. Гэта ён зрабіў пасля пагроз з боку супрацоўнікаў КДБ.
"У адзін дзень пасля змены ля завода мяне чакалі супрацоўнікі КДБ. Яны прадставіліся, паказалі "корачкі".
Мы прайшлі на гутарку ў цудоўны цёмна-сіні аўтобус. Гучалі пагрозы ў бок маёй сям’і, не хачу іх агучваць. Пасля гэтага ў мэтах бяспекі давялося вывезці сям’ю ў Польшчу, цяпер у іх усё нармальна, імі апякуецца наша дыяспара", — перадае "Наша Ніва" словы Дылеўскага.
Сам Сяргей ехаць у Польшчу следам за жонкай і сынам не спяшаецца. Пасля звальнення з МТЗ ён шукае новую працу. Прычым кажа, што яго засыпалі прапановамі: "Нашы людзі настолькі чароўныя, што мяне ўжо засыпалі прапановамі працы. Выходзіць, што не я шукаю працу, а яна шукае мяне. Мне падабаюцца аўтамабілі. Канечне, па трэку ганяць мяне ніхто не возьме працаваць, а гайкі круціць я магу".
Дылеўскі казаў, што звольніцца з МТЗ пасля 12 гадоў працы яго прымусілі ціскам на ягоных бацькоў. Па яго словах, намеснік гендырэктара МТЗ па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацразвіцці Андрэй Суслянкоў сказаў: калі Дылеўскі застанецца працаваць, то будуць звольненыя яго бацькі, якія таксама працуюць на заводзе.
Сам Суслянкоў у тэлесюжэце на канале "Беларусь 1" абверг словы Дылеўскага. Ён заявіў, што кіраўнік страйкама затэлефанаваў яму ў суботу, 10 кастрычніка, і сказаў, быццам хоча звольніцца паводле пагаднення бакоў.
Сяргей Дылеўскі — адзіны сябра прэзідыўму Каардынацыйнай рады, які застаецца на волі ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.