Такіндангу прапанавалі прыкінуцца Варашкевічам, а Беланогай стаць Камоцкай

Пяты канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” традыцыйна адбудзецца ў Варшаве з удзелам беларускіх і польскіх артыстаў 11 красавіка. Праўда, пяцігоддзе акцыі пройдзе без помпы з-за фінансавай абмежаванасці мерапрыемства, пра што не саромеюцца распавядаць сёлетнія арганізатары:

Вікторыя Хакімава: “Няма ў нас грошай у гэтым годзе”.

Фінансавы крызіс імпрэзы адбіўся і на яе музычнай частцы: з-за адсутнасці ганарару беларускія зоркі адмаўляюцца ад паездкі ў Варшаву. Маўляў, нават на Польскім тэлебачанні не засвецішся – сёлета яно абыякава паставілася да акцыі. Адсюль – запрашэнне маладых беларускіх гуртоў з просьбай выступіць не са сваімі, а з добра вядомымі палякам хітамі:

Вікторыя Хакімава: “Мы прапанавалі маладым музыкам, каб яны заспявалі такія песні, якія проста палякі ведаюць. Напрыклад, “Тры чарапахі” – гэта гімн Беларусі, і шчыра кажучы, гэта адзіная песня, якую яны ведаюць”.

Маладыя музыкі адназначна ставяцца да прапановы польскага боку: альбо адмаўляюцца ад удзелу ў акцыі, альбо згаджаюцца выступаць, але толькі са сваёй песняй. Напрыклад, як распавёў Еўрарадыё лідэр “замарожанага” гурта “Рэха” Андрусь Такінданг, ім прапанавалі выступіць з песняй “Крамы”.

Андрусь Такінданг: “Мне даслалі смс-ку з прапановай праспяваць песню “Крамы”. Але я адпісаў, што не, лепш мы сваю праспяваем. Прапанавалі песню “Свабоды мне дай”, але не хочацца спяваць чужую песню, тым больш што “Крама” яшчэ жывая (смяецца)”.

Гурт “Дзеці Дзяцей” увогуле адмовіўся ад удзелу ў канцэрце. Ім прапанавалі такое (па этычных прычынах Еўрарадыё не дае назвы песні), што ў вакалісткі дыбарам сталі валасы!

Ганна Хітрык: “Мне гэта было проста смешна, і шчыра кажучы, нават зневажальна. Гэта проста глупства. Гэта ніяк! Мы ж маглі б праспяваць і “Гімн моладзі” і “Раптам”. У нас жа хапае беларускамоўных песень”.

Бард-спявачцы Таццяне Беланогай прапанавалі праспяваць песню Касі Камоцкай “Мая краіна”, нават не папрасіўшы дазволу ў аўтараў кампазіцыі.

Таццяна Беланогая: “Перад тым, як прапаноўваць спяваць песню іншаму чалавеку, трэба спачатку спытаць дазволу ў аўтара гэтай песні. Па-мойму гэта этыка творчых людзей”.

У выніку Таццяна таксама адмовілася ад удзелу. “Салідарныя” супалі з замежнай паездкай спявачкі.

Па інфармацыі Еўрарадыё, на дадзены момант толькі дзве беларускія рок-зоркі пагадзіліся на ўдзел у канцэрце сольна – Аляксандр Кулінковіч і Слава Корань, які бачыць прычыну незацікаўленасці беларускіх артыстаў у фінансавай нявыгаднасці:

Слава Корань: “Мне было сказана, што ніхто не прыязджае як гурт. Будзе граць на сцэне нейкі польскі гурт, а ўсе будуць пад яго выступаць. Яны хацелі спачатку Касю, Лявона паклікаць. Усіх. Але тыя, відавочна, адмовіліся выступаць бясплатна. Я з наступнай умовай пагадзіўся: калі некаму будуць плаціць, то значыць альбо і мне плацяць, альбо я не выступаю. Калі ўсе бясплатна, дык і я. Мне прапанавалі праспяваць “Краіну доўгай белай хмары”.

Нагадаем, штогадовы канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” запланаваны на 11-га красавіка на плошчы каля варшаўскага тэатра Оперы.

Фота: Jacek Marek

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі