Трамп загадаў рассакрэціць дакументы па забойстве Кенэдзі і Марціна Лютэра Кінга

Джон Кенэдзі / Warren Commission via AP
ЗША рассакрэцяць дакументы, звязаныя з забойствамі 35-га прэзідэнта Джона Кенэдзі, яго малодшага брата, былога генпракурора ЗША Робэрта Кенэдзі, а таксама прапаведніка Марціна Лютэра Кінга. Адпаведны ўказ Дональда Трампа апублікаваны на сайце Белага дома.
Ва ўказе падкрэсліваецца, што з моманту гэтых падзеяў прамінула больш за 50 гадоў. "Іх сем'і і амерыканскі народ заслугоўваюць празрыстасці і праўды. У нацыянальных інтарэсах, нарэшце, без прамаруджання апублікаваць усе запісы, звязаныя з гэтымі забойствамі", — гаворыцца ў дакуменце.
Згодна з указам цягам 15 дзён дырэктар Нацыянальнай разведкі і генпракурор, скаардынаваўшыся з памочнікам прэзідэнта па пытаннях нацбяспекі і дарадцам прэзідэнта, павінны падаць Трампу "план поўнага і ўсёабдымнага раскрыцця запісаў, якія тычацца забойства прэзідэнта Джона Ф. Кенэдзі". А за 45 дзён павінныя падрыхтаваць план такога ж поўнага раскрыцця дакументаў, звязаных з забойствамі сенатара Роберта Ф. Кэнэдзі і прапаведніка Марціна Лютэра Кінга.
Дакументы, звязаныя з расследаваннем забоства прэзідэнта Кенэдзі, амерыканскія ўлады паступова рассакрэчваюць з 1992 года. У 2023-м Нацыянальны архіў ЗША апублікаваў каля 2,7 тысячы запісаў. Колькасць засакрэчаных матэрыялаў невядомая, але паводле некаторых падлікаў ужо раскрыта 97% матэрыялаў. У ЦРУ ў 2018 годзе заяўлялі, што яны раскрылі больш за 99% сваёй інфармацыі па гэтай справе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.