У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку
У Гродне за ўдзел у пратэстах асудзілі маці і дачку. Ала Гарацкевіч атрымала 2 гады і 6 месяцаў "хатняй хіміі" (абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), дачку Галіну Гарацкевіч асудзілі на 3 гады абмежавання волі, яе накіроўваюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Ганна Мароз асуджана на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе spring96.org.
Справу разглядаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. 16 жніўня прысуд агучыў суддзя Максім Галубовіч. Жанчын судзілі за ўдзел у вулічнай акцыі ў Гродне 6 верасня 2020 года. Іх прызналі вінаватымі ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак..." (ч. 1 арт. 342 КК) і "супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку" (ч. 2 арт. 363 КК, спачатку абвінавачвалі па арт. 364 — "Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў").
Галіна Гарацкевіч і Ганна Мароз падчас следства былі пад вартай. Пасля абвяшчэння прысуду меру стрымання змянілі. На абвяшчэнне прысуду падтрымаць іх прыйшлі каля 50 чалавек.
У Алы Гарацкевіч анкалогія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.