У ініцыятыўную групу Статкевіча запісаліся больш за 1500 чалавек
Дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы палітвязня будуць пададзеныя ў ЦВК 16 ліпеня.
У склад ініцыятыўнай групы палітвязня Мікалая Статкевіча ўвайшло больш за 1500 чалавек. Пра гэта інфармуе БелаПАН са спасылкай на жонку палітыка Марыну Адамовіч.
14 ліпеня ў Мінску прайшло агульнае пасяджэнне прадстаўнікоў структур, якія ўдзельнічаюць у кампаніі па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты. На пасяджэнні вырашылі падаваць дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтрвыбаркам 16 ліпеня. Заўтра фармаванне інцыятыўнай групы яшчэ будзе працягвацца.
Па словах Адамовіч, кожная са структураў, якія ўваходзяць у аргкамітэт па вылучэнні Статкевіча, прыцягнула ў ініцыятыўную групу не менш за 200 чалавек.
У склад адзінага аргкамітэта па вылучэнні палітвязня Мікалая Статкевіча ўвайшлі прадстаўнікі аргкамітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", зарэгістраванага ў Чэхіі аб'яднання "Малады фронт", руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі", а таксама руху салідарнасці "Разам".
Фота — statkevich.org