У Кіеве адшукалі зніклы два гады таму помнік Жызнеўскаму
Помнік Міхасю Жызнеўскаму
У лесапасадцы ў Кіеве знайшоўся мармуровы памятны знак Міхасю Жызнеўскаму, які знік у 2021 годзе з вуліцы Грушэўскага. Цяпер валанцёры дабрачыннага фонду "Валошка" шукаюць дакументы для ўзаконьвання помніка, каб вярнуць яго на месца, піша "Наша Ніва".
Пра помнік Жызнеўскага валанцёрам паведамілі жыхары Кіева. Знайшоўся ён у кустоўі за некалькі соцень метраў ад месца, дзе яго ўсталявалі. Помнік упакаваны для транспартавання.
У фондзе кажуць, што цяпер на вуліцы Грушэўскага стаіць мемарыял у памяць пра загінулых байцоў антытэрарыстычнай аперацыі. Пры яго ўсталяванні знік помнік беларусу. Звароты актывістаў у кіеўскую мэрыю для пошуку помніка, плёну не давалі.
"Цяпер ён валяецца ў лесапасадцы, і мы не ведаем, што рабіць далей. Помнік, які стаяў побач з помнікам Жызнеўскаму, перанесены і стаіць. На абодва былі дакументы, але цяпер трэба яшчэ іх адшукаць", — кажа кіраўніца фонду Анжэла Душаева. На яе думку, помнік прыбралі кіеўскія камунальнікі, якія меліся яго паставіць у вызначае месца.
Міхаіл Жызнеўскі — адзін з першых загінулых абаронцаў Майдану ў студзені 2014 года. Хлопца застрэліў невядомы снайпер. Жызнеўскі ўваходзіць у Нябесную сотню, прэзідэнт Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў яго ордэнам Герояў Нябеснай сотні, а ў 2017-м даў яму званне Героя Украіны. Помнік Жызнеўскаму стаяў непадалёк ад месца яго гібелі.
13 кастрычніка беларускія добраахвотнікі аднавілі памятны знак Жызнеўскаму. Пра гэта "Нашай Ніве" сказаў добраахвотнік з пазыўным "Ракета".
Раней паведамлялася таксама пра дэмантаж часткі мемарыяла загінулым беларускім абаронцам Укураіны на будынку Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.