У Курапатах прыбіралі лес і спявалі "Магутны Божа"
25 сакавіка ў Курапатах людна. На ўзгорку каля вялікага Крыжа чалавек дваццаць спяваюць "Магутны Божа". Побач ходзяць маладзёны ў форме БРСМ і "Белай Русі" ― Федэрацыя прафсаюзаў нечакана вырашыла правесці тут у гэты дзень афіцыйны суботнік.
"Як у нас у вёсцы кажуць, акцыя для фатыгі ― больш палітыкі, чым справы. Для карцінкі сабралі іх, для паказухі, ― кажуць Алесь з Карэлічаў і яго сябра Гальяш, яны прыехалі ў Курапаты адзначыць Дзень волі і ўспомніць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. ― Усё робіцца для таго, каб паказаць, што яны не зусім кепскія. Але чаму дзяржаўныя СМІ, якіх тут сёння шмат, не бачылі тых людзей, якія дагэтуль тут прыбіралі, якія ставілі крыжы, сродкі збіралі на крыжы, пастаянна рабілі гэтыя суботнікі?"
Грузавікі адзін за адным вывозяць сухое галлё, якое збіраюць і складаюць уздоўж "Дарогі смерці". Моладзь, якую прывезлі сюды аўтобусы, збольшага не ідзе на кантакт. Але сустракаюцца і гаваркія хлопцы.
"Пра Курапаты ёсць шмат меркаванняў. Мы стараемся ўвогуле быць далей ад палітыкі. Галоўнае, што мы тут бачым ― гэта крыжы. Тут пахаваныя сотні людзей, і мы мусім захоўваць памяць пра іх", ― кажа Дзмітрый у куртцы з надпісам БРСМ.
Яго калега Кірыл лепш абазнаны ў гісторыі Курапат:
"Зянон Пазняк пачаў калісьці раскопкі, дарога смерці... Тут гаворка ідзе пра рэпрэсіі 37-га года. Але сутнасць у памяці, якую мы павінны данесці. Гэта ў першую чаргу памяць пра тых людзей, якія тут загінулі. Загінулі, нехта справядліва, нехта ― несправядліва, але гэты мемарыял агульны для ўсяго беларускага народа. Сёння з намі тут розныя людзі, некаторыя сапраўды ўпершыню ў Курапатах, але далучыліся да сумнай старонкі нашай гісторыі. Я думаю, што гэта пэўны крок да аб'яднання нашай нацыі".
Побач з праўладнымі арганізацыямі лес прыбіраюць і жанчыны з бел-чырвона-белымі шалікамі, прадстаўнікі кансерватыўна-хрысціянскай партыі замяняюць кветкі ля крыжоў, сустракаюцца людзі з дзецьмі.
Тое, што сёння тут прыбіраюць ― някепска, лічыць Аляксей Купрыянавіч, які прыйшоў на Дзень Волі ў Курапаты разам з васьмігадовым унукам Раманам:
"Сёння наша вялікае свята. Пакуль што яно не дзяржаўнае, але прыйдзе час, і гэта будзе наша самае галоўнае дзяржаўнае свята, ― перакананы мужчына. ― Але тое, што сёння тут дапамагаць прыбіраць ― гэта добра. Вунь, колькі прыбралі. Прыйшлі хто па добрай волі, хто пад прымусам, але ў саміх іх у бальшыні ініцыятывы, думаю, не было. Рэжыму трэба ж таксама паказаць, што яны тут ёсць. Колькі гадоў яны не ступалі ні кроку сюды, сам прэзідэнт Лукашэнка ні разу не прыехаў. Вунь, падышлі з унукам да лаўкі Клінтана ― прэзідэнт Амерыкі быў у Курапатах, а беларускага не было".