У Курапатах з зямлі выдралі яшчэ тры крыжы (відэа)
22 траўня добраахвотнікі, якія дзяжураць на месцы сталінскіх расстрэлаў у Курапатах, заўважылі знікненне яшчэ трох крыжоў. Гэтыя крыжы, пафарбаваныя ў белы колер, стаялі з таго боку ўрочышча, на якім пабудаваны рэстаран “Поедем поедим”.
Ад крыжоў засталіся толькі яміны і кветкі.
“Гэтыя крыжы былі пафарбаваныя белым, іх было добра бачна ад брамы рэстарана. Было бачна тры крыжы, зараз застаўся адзін. Нехта ўціхамолачку выкопвае крыжы і невядома куды іх дзяе. І гэта ўсё адбываецца цягам апошняга тыдня”, — распавядае адзін з удзельнікаў “Курапацкай варты” Павел Севярынец.
Яшчэ адзін крыж знайшлі паламаным у адной з ямінаў, якая засталася пасля раскопак у Курапатах.
Добраахвотная варта ў Курапатах працягваецца ўжо амаль год, пасля адкрыцця ля заходняй мяжы ўрочышча рэстарана “Поедем поедим”. Актывісты сустракаюць ля рэстарана аўтамабілі і распавядаюць наведнікам рэстарана пра масавыя рэпрэсіі, якія адбываліся ў курапацкім лесе па суседстве ў 1920-я — 1940-я.