БТ паказала, дзе побач з Курапатамі плануюць пабудаваць выставачны цэнтр
У праграме “Галоўны эфір” на тэлеканале “Беларусь 1” паказалі, дзе беларускія ўлады плануюць пабудаваць новы выставачны цэнтр. Пляцоўка для яго была абраная ля паўночнай мяжы Мінска, на ўсход ад урочышча Курапаты – месца сталінскіх расстрэлаў у 1930-я.
У сюжэце пра новую будоўлю камера здымае поле ў раёне Курапатаў з двух ракурсаў. Першы – наўпрост ад ахоўнай зоны, урочышча знаходзіцца за спінай аператара дзяржаўнага тэлебачання:
Наступныя кадры зробленыя з вуліцы Мірашнічэнкі. На дальнім плане бачнае ўрочышча Курапаты:
Мяркуючы па гэтых здымках, для выставачнага цэнтра абранае поле, дзе ў пачатку 2000-х збіраліся будаваць жылы квартал “Сонечны”. Аднак пасля масавых пратэстаў улады ад гэтай ідэі адмовіліся. Пасёлак такі пабудавалі, але крыху далей ад горада, за трасай H-9031 “Калодзішчы – Заслаўе”:
Пра тое, што ў Мінску патрэбны новы сучасны выставачны цэнтр, на мінулым тыдні заявіў Аляксандр Лукашэнка. Вядома, што кіраўніку Беларусі прапаноўвалі розныя пляцоўкі для будаўніцтва. Напрыклад, у вёсцы Малінаўка на скрыжаванні МКАД і Брэсцкай шашы. Але выбралі іншае месца – поле ля Курапатаў, якое па дзяржаўныя журналісты называюць “пляцоўкай каля гандлёвага цэнтра "Экспабел"”.