У Мазыры пандус ля пад'езда шматпавярхоўкі пачынаецца з трэцяй прыступкі
Пандус на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Мазыры / t.me/budnybelarus
У Мазыры пандус ля першага пад'езда шматпавярхоўкі па вуліцы Інтэрнацыянальнай пабудавалі... не да канца. Ён пачынаецца з трэцяй прыступкі лесвіцы, якая вядзе ў пад'езд. Выглядае гэта максімальна дзіўна.
Рамонтныя работы ў доме пачаліся некалькі месяцаў таму, з прыходам цяпла. Пад'езды былі ў розным стане: дзе-нідзе спатрэбіўся "сапраўдны" рамонт, дзесьці — касметычныя работы. У якую катэгорыю аднесці кур'ёзны пандус — незразумела.
— Так, такі пандус у нашым доме ёсць. Яго доўга не рабілі, таму што надвор'е не дазваляла. А вось пару месяцаў таму паставілі, — распавядае жыхарка пад'езда Зінаіда. — У пад'ездзе ў многіх усё няважна са здароўем, я таксама ўжо ва ўзросце. Мне гэты пандус дапамагаў бы каляску з рэчамі закочваць. Але карыстацца ім — крыху гумарыстычная гісторыя.
Пенсіянерка расказвае, што вазочнікаў у пад'ездзе няма. Але пажылым і сямейным людзям з маленькімі дзецьмі дыхтоўны пандус прыйшоўся б вельмі дарэчы. Пакуль жа каляскі даводзіцца спускаць па лесвіцы ў два этапы: "Я так і раблю: спачатку па пандусе качу, а потым па прыступках "тык-дык-тык-дык" коламі", — працягвае Зінаіда. — Дом адрамантавалі добра, але калі б пандус дарабілі, я была б рада. А ў такім выглядзе я ім карыстацца не магу. Ды там і прайсці цяжка: прыступкі высокія, а ў мяне ногі хворыя".
Каб знайсці чалавека, які змог бы растлумачыць чаму ў Мазыры трошкі па-свойму глядзяць на правілы стварэння безбар'ернага асяроддзя, нам давялося прайсці доўгую схему: патэлефанаваць у прыёмную Мазырскага райжылкамгаса, у аддзел добраўпарадкавання, у ЖЭУ №1, у аддзел капрамонту, а пасля — у аддзел бягучага рамонту. Там нам далі нумар начальніка будаўнічага цэха.
З яго слоў выходзіць, што, з аднаго боку ўсё зроблена так, як і павінна быць, а з другога — пандус проста не дабудавалі.
— Там ганак складаўся з дзвюх частак: ніжняя пляцоўка і верхняя. Калі пачалі пад норму ліць прыступкі, то атрымалася, што лесвіца стала "сплашняковай". Хоць яна і павінна была такой быць: ніжнія пару прыступак і верхнія, — распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Прыгодскі. — І вось толькі на верхніх і павінен быў быць пандус. Але атрымалася так і будзе "далівацца" па-любому. Мы яшчэ думаем, што рабіць з вышынёй прыступак, а то яны атрымліваюцца занадта стромкімі.
Магчыма пад'езд да пандуса зробяць збоку ад лесвічнага марша: "Згодны, што выйшла крыху камічна. Але магу сказаць, што так не застанецца, — працягвае Зміцер. — Я думаю, да канца гэтага тыдня ў жыхароў будзе добры пандус. Сёння прымуць рашэнне, і ў бліжэйшыя дні яго зробім".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.