У Мінску адбылася масавая малітва каля касцёла Св. Язэпа

Больш за 100 чалавек, у асноўным моладзь, у тым ліку з шэрагу незарэгістраваных арганізацый, сабраліся ўчора ў 20 гадзін ў Мінску каля касцёла Святога Язэпа па вуліцы Кірылы і Мяфодзія.
Яны трымалі свечкі, хрысціянскія сімвалы і маліліся за тое, каб гэтая святыня была захавана і перададзена каталікам.

Таксама прайшла малітва за лёсы палітычных зняволеных і ўсіх тых, хто зазнае пераслед у Беларусі. Акцыя адбылася ў межах Дня салідарнасці, які дэмакратычныя сілы праводзяць 16-га чысла кожнага месяца.

Малітва праходзіла пад наглядам міліцыянтаў, якія ў ход багаслужэння не ўмешваліся.

Напрыканцы акцыі маладзёны выклалі перад будынкам касцёлу крыж з запаленых свечак і разышліся.

Ніхто падчас і пасля акцыі затрыманы не быў.

БелаПАН