Сілавікі затрымалі мужчыну за каментар пра тэракт у расійскім "Крокус Сіці"

Гэта не першае затрыманне беларусаў за каментары пра тэракт у "Крокус Сіці Хол", ілюстрацыйнае фота

Гэта не першае затрыманне беларусаў за каментары пра тэракт у "Крокус Сіці Хол", ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманым мужчынам. Яго затрымалі за каментар пра тэракт у падмаскоўным "Крокус Сіці Хол". З відэа сілавікоў вынікае, што пад публікацыямі пра тэракт мужчына пакінуў подпіс "разанскі цукар".

Нагадаем, гэты выраз з'явіўся пасля прадухілення тэракту ў Разані ў верасні 1999 года. У падвале адным са шматпавярховікаў знайшлі падазроныя мяшкі, каля якіх эксперты зафіксавалі пару выбуховага рэчыва гексаген. Жыхары былі эвакуяваныя, мяшкі вывезеныя — але ў ФСБ пазней заявілі, што гэта былі вучэнні, а ў мяшках быў цукар. Нагадаем, што ў верасні 1999 года ў Расіі адбылося некалькі тэрактаў — былі ўзарваныя жылыя дамы ў Буйнакску, Маскве і Валгадонску. Пры выбуху дома на Кашырскай шашы ў Маскве мяшкі з узрыўчаткай таксама былі схаваныя ў падвале. У выніку тых тэрактаў загінулі 307 чалавек, больш за 1700 чалавек атрымалі раненні.

Адзначым, што гэта не першае затрыманне беларусаў за каментары пра тэракт у "Крокус Сіці Хол". Напярэдадні стала вядома пра затрыманне жыхара Шчучына за тое, што ён "здзекаваўся з трагедыі, якая адбылася ў Расіі". Паводле даносу прапагандыста Канстанціна Прыдыбайлы затрымлівалі блогерку з Мінска Жанну Лаўрову. Аднак яе пазней адпусцілі.

Тэракт у "Крокус Сіці Холе" адбыўся ўвечары 22 сакавіка. Паводле апошніх звестак, загінулі 139 чалавек (сярод іх — двое беларусаў), пацярпелі 182.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі