Лукашэнка абверг расійскую версію падзей у “Крокус Сіці Хол”
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка
26 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абверг расійскую версію падзей у “Крокус Сіці Хол”. Хапіла некалькіх слоў, хаця сам ён можа і не адразу зразумеў, што менавіта сказаў. З яго тлумачэння вынікае, што тэрарысты спачатку ехалі не ва Украіну, а ў Беларусь.
Лукашэнка заявіў, што адразу пасля тэракту ў Падмаскоўі, у Беларусі прынялі меры. “Таму яны ў Беларусь ніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на ўчастак украінска-расійскай мяжы”, — гаварыў ён прапагандыстам. І дадаў, што нейкія "куратары" тэрарыстаў "разумелі, што ў Беларусь заходзіць нельга" (свае "падазрэнні" наконт "куратараў" Аляксандр Лукашэнка хоча распавесці Уладзіміру Пуціну).
Версія Лукашэнкі супярэчыць версіі Пуціна пра тое, што тэрарысты адразу рухаліся з Падмаскоўя да ўкраінскай мяжы, бо для іх там нібыта было падрыхтаванае “акенца”. І праз гэта расійскія спецслужбы пашыраюць версію пра сувязь тэрарыстаў з украінскім бокам.
Расійскія спецслужбы затрымалі машыну з тэрарыстамі ў Бранскай вобласці ў 140 км ад мяжы з Украінай. Яны аказаліся "радыкальнымі ісламістамі". Украіна адмаўляе дачыненне да згаданага тэракту.
Тэракт у “Крокус Сіці Хол” адбыўся ўвечары 22 сакавіка, загінулі 139 чалавек (сярод іх двое беларусаў), пацярпелі 182.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.