У спісе загінулых падчас тэракту у "Крокусе" з'явілася прозвішча беларуса Куліка
Вадзім Кулік
У папярэднім спісе загінулых падчас тэракту у "Крокусе", апублікаваным у панядзелак МНС РФ, з'явілася прозвішча беларуса Вадзіма Куліка. Ён працаваў ахоўнікам і да апошняга ратаваў людзей.
Куліку было 44 гады. Ён з Баранавічаў, у яго засталася дачка. У "Крокус Сіці Холе" працаваў ахоўнікам 7-8 гадоў, рэгулярна прыязджаў на радзіму. З'ехаў у РФ за два дні да трагедыі. Яго лёс быў невядомы. Напярэдадні стала вядома, што на апазнанне Вадзіма Куліка ў Расію паехаў яго брат.
Яшчэ адзін беларус-ахоўнік, які спрабаваў выратаваць людзей падчас нападу, Алім Кашавараў быў паранены і знаходзіцца ў цяжкім стане. Ён з Бабруйска.
У спісе загінулых ёсць грамадзянка Беларусі, дзіцячы псіхолаг Ганна Волкава, 1978 года нараджэння.
Увечары 22 сакавіка група ўзброеных людзей з аўтаматамі ўварвалася ў клуб "Крокус Сіці Хол". Яны пачалі страляць па гледачах, якія прыйшлі на канцэрт рок-гурта "Пікнік", а потым падпалілі будынак. У выніку загінулі не менш за 139 чалавек, а больш за 180 пацярпелі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.