У МЗС Беларусі пройдзе выстава, прысвечаная Васілю Быкаву
20 чэрвеня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы “Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому…”. Матэрыялы для яе прадаставіў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Як распавёў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, выстава прымеркаваная да 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На ўрачыстым адкрыцці выступіць намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына.
Назву выставе і тэму задалі мемуары Народнага пісьменніка Беларусі "Доўгая дарога дадому", якая стала яго апошняй прыжыццёвай кнігай.
На выставе прадстаўленыя фотаработы розных аўтараў, у тым ліку малодшага сына пісьменніка. Таксама наведнікі змогуць пабачыць дакументы, рукапісы, вокладкі кніг, малюнкі Васіля Быкава з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры і асабістага архіва пісьменніка.