Улады Гродна адмовіліся павесіць шыльду на дом, дзе жыў Васіль Быкаў

Гродзенскі дом, у якім жыў Васіль Быкаў

Гродзенскі дом, у якім жыў Васіль Быкаў / realt.by

Улады Гродна адмовіліся павесіць шыльду на доме, у якім жыў народны пісьменнік Васіль Быкаў.

Петыцыя з адпаведнай просьбай да чыноўнікаў з'явілася на сайце petitions.by. Яе аўтары прасілі ўсталяваць мемарыяльную шыльду на доме 28 па вуліцы Вялікая Траецкая ў Гродне. Менавіта ў гэтым доме з 1958 года жыў Васіль Быкаў, уганараваны шэрагам дзяржаўных узнагародаў у савецкі час — Герой Сацыялістычнай Працы, народны пісьменнік БССР, лаўрэат Ленінскай прэміі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР. Аўтары петыцыі падкрэслівалі, што адсутнасць шыльды перашкаджае належнаму ўшанаванню яго ўнёску ў беларускую і сусветную літаратуру.

Аднак адказ чыноўнікаў быў адмоўны. Яны заявілі, што ў горада няма фінансавання на стварэнне "аб'ектаў манументальнага мастацтва", а таксама дадатковых крыніцаў фінансавання.

Пры гэтым намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша заявіла, што "ў студзені 2023 года ў літаратурным аддзеле Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея была пашырана экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, там экспануюцца асабістыя рэчы пісьменніка".

Сёлета споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка-франтавіка, аднак улады гэты юбілей практычна замаўчалі. Раней гродзенцы сабралі подпісы за ўсталяванне помніка Быкаву. Але тая ж Зоя Кулеша адказала, што ўсталяванне такіх помнікаў не ўваходзіць у кампетэнцыю гарадскіх уладаў.

Васіль Быкаў крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, а пасля збіцця дэпутатаў у парламенце ў 1995 годзе назваў яго хунтай. Улады пачалі на яго ціснуць. Гэтыя нападкі і праблемы са здароўем вымусілі пісьменніка пакінуць Беларусь: з 1998 года ён жыў у Фінляндыі, Германіі, Чэхіі. У 2003-м пісьменнік, хворы на рак, вярнуўся на радзіму і праз месяц, 22 чэрвеня 2003-га, памёр у рэанімацыі бальніцы ў Бараўлянах. Яго пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам. Цырымонія пахавання вылілася ў сапраўднае народнае шэсце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі