У Наваполацку 73-гадовую кандыдатку тэхнічных навук арыштавалі на 10 сутак
Галіна Шараглазава / https://www.facebook.com/geoid.gala/
У сераду прайшлі суды над затрыманымі супрацоўнікамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, жыхарамі Полацка і Наваполацка. Іх справы разглядала суддзя Зінаіда Балаболава. 73-гадовую кандыдатку тэхнічных навук і дацэнтку кафедры геадэзіі і геаінфармацыйных сістэм Галіну Шараглазаву суддзя Балаболава адправіла за краты на 10 сутак, паведамляе @viasna96.
Раней стала вядома, што наваполацкую выкладчыцу Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Алену Храмцову асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яе прызналі вінаватай у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Сяргея Рыкуна суддзя прызнала вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" і арыштавала на 13 сутак. Яна ж прызначыла штраф Паліне Путро ў памеры 740 рублёў, справаводку дэканата Кацярыну Швалюгу аштрафавала на 1110 рублёў, супрацоўніцу рэпазітарыя Лідзію Зуеву — на 2220 рублёў за "пікет". Алега Крайко асудзілі за "несанкцыянаванае пікетаванне" і "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" на 26 сутак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.